Што маем, трэба берагчы


Яшчэ свежыя ў памяці спякотныя ліпеньскія і жнівеньскія дні, калі наш горад ператварыўся ў адну вялікую будаўнічую пляцоўку. Многа затрачана сіл, сродкаў, каб чысціня і парадак прыйшлі на вуліцы. Прыгожыя кветкі на аксаміце газонаў, новыя бардзюры, рознаколер’е фасадаў дамоў радуюць прахожых.

Дастойна сустрэлі і праводзілі гасцей у Дзень беларускага пісьменства, але ж, па вялікім рахунку, усё гэта стваралася не дзеля аднаго толькі дня. Адшумела свята, а ўся рукатворная прыгажосць засталася нам, хайнічанам. Патрэбна яе захаваць і прымножыць.

Між тым, дрэнныя традыцыі жывучыя. Малалетнія вандалы (інакш не назавеш), спрактыкаваўшыся на тэрыторыі каля помніка воінам-афганцам на вуліцы Калесніка, сталі перацягваць з месца на месца лавачкі і ў гарадскім парку. Пакідаюць пустыя бутэлькі з-пад піва, смецяць. Цягне іх пагуляць і на дзіцячай пляцоўцы, на арэлі пагушкацца. Ведама ж, дзіцячы розум яшчэ, хоць і ростам выйшлі.

Пакуль не ўдарыў па кішэні штраф некаторых “дбайных” гаспадароў, якія трымаюць кароў і коней. Няўжо не разумеюць, што не месца жывёле ў гарадскім парку?

Сказанае – гэта не ўгаворы для несвядомых грамадзян. Пакуль не набраны поўны штат з 12 чалавек  для абслугоўвання палаца-паркавага ансамбля, у які ўвойдуць майстар, трактарыст, рабочыя па догляду і вартаўнікі, ён пад наглядам супрацоўнікаў аддзела ўнутраных спраў.

 Падлеткі, іх бацькі і пастаянныя начныя наведвальнікі кругласутачнага магазіна “Зручны” павінны ведаць, што самае строгае пакаранне чакае за засмечванне, пашкоджанне або паломку ўсяго, што знаходзіцца ў гарадскім парку.



 А. МАШЭЎСКІ, намеснік старшыні райвыканкама.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *