ДЗЕНЬ БЕЛАРУСКАГА ПІСЬМЕНСТВА: АД ПОЛАЦКА ДА РАГАЧОВА

Культура

IMG_9604Рагачоў рыхтуецца

Зараз Рагачоў рыхтуецца да эпахальнай у яго культурным жыцці падзеі – Дня беларускага пісьменства, якоі пройдзе тут 4 верасня.
Вядзецца рамонт дарог і цепласетак, набываюць святочны выгляд установы культуры, маштабную рэканструкцыю перажываюць гарадскі стадыён і парк Піянераў, добраўпарадкоўваецца тэрыторыя сярэдняй школы № 2 і інш. На свяце запланавана адкрыццё Дома кнігі, рэканструкцыя якога пачалася яшчэ ў 2013 годзе. У яго сценах ужо працуе цэнтральная раённая бібліятэка, кампанію якой складзе кнігарня – першая ў горадзе. А на другім паверсе расчыніць дзверы абсталяваная па сучасным стандартам канферэнц-зала.
Капітальны рамонт закрануў і Рагачоўскі музей народнай славы. Будаўнікі мяняюць дах, перарабляюць інтэр’ер выставачнай залы, пасля гэтага тут усталююць новыя стэлажы і асвятленне. Варта адзначыць, адна з экспазіцый музея прысвечана пісьменнікам, жыццё і творчасць якіх так ці інакш звязана з гэтым краем. Сярод іх такія мэтры, як Уладзімір Караткевіч, Міхась Лынькоў, Андрэй Макаёнак і многія іншыя. Тыя людзі, дзякуючы якім, Рагачоўшчыну называюць зямлёй пісьменнікаў. Усяго больш за 40 млрд. рублёў выдзелена на падрыхтоўку інфраструктуры.
Да свята будзе таксама прымеркавана мерапрыемства, якое мае асаблівае значэнне для ўсіх веруючых жыхароў. На іх ахвяраванні ў Рагачове будуецца храм Вернага князя Аляксандра Неўскага.

IMG_9607Прагулка па першай сталіцы свята

Пакуль жыхары Рагачова чакаюць з нецярпеннем свята і ўносяць апошнія штрыхі ў яго агульную карціну, мы з калегай Алесяй Ячычэнка вырашылі пабываць у старажытным Полацку, дзе ў 1994 годзе упершыню прайшоў Дзень беларускага пісьменства. Акрамя таго, гэты важны з гістарычнага пункту гледжання горад паўторна прымаў маштабнае свята ў 2003 годзе. І больш за тое, Полацк стане яго сталіцай у наступным годзе. Дарэчы, гэта сімвалічна, бо як раз у 2017-м будзе адзначацца 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, а, як вядома, у Полацку нарадзіўся наш славуты Францыск Скарына, які першым прынёс друкаванае слова на беларускія землі. Што ж цікавага ў вядомым горадзе над Дзвіной? Едзем высвятляць!
Штогод паглядзець старажытную сталіцу Полацкага княства прыязджаюць тысячы турыстаў і паломнікаў, іх асаблівую зацікаўленнасць выклікае «Вялікая тройка»: Сафійскі сабор, Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр і Музей беларускага кнігадрукавання.
Не стану падрабязна апісваць гэтыя славутасці, зацікаўленным, як кажуць «гугл» у дапамогу, толькі адзначу, што полацкай Сафіі ў 2030 годзе споўніцца тысяча гадоў. Гэта сапраўдная жамчужына горада з цудоўным арганам.
У сцен храма стаіць гіганцкі валун – Барысаў камень. З ім звязана традыцыя: калі загадаць жаданне, а пасля тры разы абабегчы вакол каменя, яно абавязкова споўніцца. Мы тры кругі «нарэзалі» – паглядзім.
IMG_9616Полацк па праву ганарыцца сваім земляком Францыскам Скарынай. У яго гонар усталяваны помнік на аднайменнай плошчы і названы цэнтральны праспект у горадзе.
Да слова, на ім размешчана яшчэ адна славутасць – геаграфічны цэнтр Еўропы. Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што за такое званне «змагаюцца» адразу некалькі населеных пунктаў у Літве, Украіне, Славакіі і Польшчы. Але ў любым выпадку месца цікавае.
На вуліцах Полацка мноства помнікаў – Еўфрасінні Полацкай, Усяславу Чарадзею, Францыску Скарыну, Сімяону Полацкаму, Мікалаю-Цудатворцу і інш. Маецца і адзіны ў свеце помнік літары «Ў», якая ёсць толькі ў беларускай мове. Некалькі здымкаў каля яго мы таксама прывезлі з сабой.
А яшчэ нас уразіў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, які фактычна з’яўляецца першай вышэйшай навучальнай установай Беларусі. На яго тэрыторыі здаецца, нават паветра прасякнута гісторыяй.
IMG_9636Напрыканцы паездкі мы пабывалі ў найцікавейшым месцы, якое не мае дачынення да пісьменства, але не распавесці пра яго проста не магу. Гэта прыродна-экалагічны музей. Яго экспазіцыя размясцілася ў будынку былой воданапорнай вежы. Дык вось на трэцім узроўні, які называецца «Ахоўныя тэрыторыі» размешчаны фотаздымкі выселенных вёсак нашага раёна. Мы, канешне, пахваліліся экскурсаводу, што мы з Хойнік і падзяліся некаторымі фактамі з дня сённяшняга нашага запаведніка.
А наогул у склад Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка ўваходзіць адзінаццаць музеяў, усе за дзень абыйсці нерэальна. На жаль, мы туды не трапілі з-за дэфіцыту часу, але кажуць, што ў Музеі беларускага кнігадрукавання ў адрэстаўрыраваным будынку былой Брацкай школы трэба пабываць у першую чаргу. Тут пануе непаўторная атмасфера эпохі сярэднявечча, калі жылі і тварылі Францыск Скарына і Сімяон Полацкі. Тут можна ўбачыць самую вялікую беларускую кнігу – старажытны фаліянт у чалавечы рост, майстэрню перапісчыка кніг, друкарню часоў Гутэнберга.
IMG_9630На самой справе ўраджанняў з гэтага кветкавага города (без перабольшвання ўвесь Полацк патанае ў кветках!) мы прывезлі шмат і, канешне шкада, але ўсімі імі падзяліцца не прадстаўляецца магчымым. Калі ў вас будзе магчымасць, абавязкова пабывайце там – не пашкадуеце, тым больш вось і добрая нагода ёсць – Дзень беларускага пісьменства ў наступным годзе.

Чым здзівяць сёлета?

Гэта ў перспектыве, а спачатку варта пабываць на свяце ў Рагачове, тым больш, што арганізатары, як заўжды рыхтуюць насычаную і запамінальную праграму, у якой будзе больш 70 мерапрыемстваў.
У іх ліку – навукова-практычная канферэнцыя, выстава СМІ (у якой, дарэчы, наша рэдакцыя таксама будзе прымаць удзел), свята літаратурных дажынак, акрамя таго, будзе арганізавана каласальная колькасць выстаў, назвы якіх прыемна здзівяць нават самых спрактыкаваных прыхільнікаў літаратуры. Абавязкова пройдзе тэлемост з гарадамі-пабрацімамі Рагачова. Цікавасць у гасцей свята выклічуць літаратурныя падворкі і такая форма інтэлектуальнага забавы, як літаратурныя квэсты. Таму, калі ў вас ёсць магчымасць, абавязкова заплануйце на першыя выхадныя верасня паездку ў Рагачоў.

Наталля ЧЭКАН.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *