Нямецкія дабрадзеі ў Хойніках

Власть Медыцына і здароўе Рэха падзеі Экономика

У чацвер наш раён з візітам наведалі прадстаўнікі радыелагічнага інстытута здароўя і навакольнага асяроддзя імя Ота Хуга (г. Мюнхен, Германія). Дэлегацыя неўпершыню прыязджае ў наш раён, яе прадстаўнікі добра знаёмыя з праблемамі паўднёвага рэгіёна і тымі наступствамі, якія прыйшлі з-за аварыі на Чарнобыльскай АЭС.  Разам з намеснікам старшыні райвыканкама Ж.М. Чарняўскай сустракаў германцаў былы старшыня райвыканкама М.І. Сачанка, добра знаёмы з візіцёрамі яшчэ з мінулага стагоддзя.

germancy-1
Госці перш-наперш пабылі на Палескім вытворчым участку ААТ «Мілкавіта», дзе азнаёміліся з работай модульнай устаноўкі з энергаагрэгатам блочнага тыпу, якая працуе на біяпаліве і служыць генератарам пры аварыйным выключэнні энергіі. Устаноўка дзейнічае з выкарыстаннем рапсавага масла.
Дзякуючы садзейнічанню менавіта прафесара Эдмунда Ленгфельдэра апарат быў набыты і прывезены на Хойнікшчыну і вось ужо 10 гадоў спраўна функцыянуе на сыраробным прадпрыемстве. За увесь перыяд каштоўная ўстаноўка неаднаразова пацвердзіла сваю магутнасць. Гэта германскім гасцям расказаў і паказаў генератар у дзеяні непасрэдна дырэктар ўчастка А.П. Дравіла. Дэлегацыю таксама правялі ў новазбудаваны цэх сушцы малочнай сыроваткі і пачаставалі навінкамі сырнай вытворчасці – групы сыроў пармезан. Мюнхенскія вучоныя былі прыемна здзіўлены высокай якасці нашай прадукцыі.

germancy-2
Пазітыўныя эмоцыі атрымалі госці і ў час азнаямлення з дасягненнямі цэнтральнай раённай бальніцы. Намеснік галоўнага ўрача Т.У. Хаванская правяла экскурсію па адрамантаваным педыятрычным аддзяленні ЦРБ, падкрэсліваючы, што гэта зроблена самастойнымі намаганнямі работнікаў райбальніцы. Да таго ж, і тут выкарыстоўваюць шчодрыя падарункі нямецкіх спонсараў інстытута імя Ота Хуга.
Прадстаўніца дэлегацыі Крысціна Францэль адзначыла, што хайнічане рухаюцца ў прагрэсіўным накірунку, пацверджаннем чаго стала ўпартае жаданне мясцовых жыхароў добраўпарадкаваць свой горад і працоўныя месцы, шукаць любыя магчымасці для далейшага развіцця.
Фрау Францэль з горыччу канстатавала, што сёння плыня дабрачыннай дапамогі з боку германскага грамадства істотна зменшылася для рэгіёнаў, якія пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы, але супрацоўніцтва нягледзячы на гэта будзе працягвацца.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *