І прыгожа, і смачна. Чым здзівілі ў Ляскавічах веляцінцы

Культура Людзі і лёсы Сельское хозяйство Увлечения хойничан

talchuk3

Так ужо ўладкаваны арганізм чалавека, што ўзбуджана рэагуе ён на відовішча прыгожай і апетытнай ежы. Нездарма ж дызайнеры рэкамендуюць размяшчаць на сценах сталовых карціны і фотаздымкі з садавінай і гароднінай, мяснымі рулькамі, іншымі харчовымі прысмакамі. А жанр нацюрморту – адзін з самых масавых і папулярных у жывапісе.

talchuk2

Вось і на свяце нашага горада 27 жніўня многія яго госці не маглі стрымаць слоў шчырага захаплення маляўнічай прадукцыяй веляцінскай сям’і Святланы Паўлаўны і Вячаслава Леанідавіча Тальчукоў, якая экспанавалася на імправізаваным падворку, арганізаваным сумесна работнікамі Паселіцкага сельвыканкама і Дома культуры. Прычым, гэтую садавіну і гародніну можна было не толькі пабачыць, але і набыць, пакаштаваць. У гэтым выпадку словы захаплення гучалі яшчэ больш эмацыянальна і выразна. Таму што наліўныя чырвонабокія памідоры, хрусткія гурочкі, цёмна-фіялетавыя баклажаны, яркія і маляўнічыя, агромністыя перцы, кабачкі і сталовыя буракі ў іх атрымаліся не толькі прыгожымі на выгляд, але і вельмі прыемнымі на смак.
У пачатку бягучага тыдня ў гэтым давялося пераканацца і нам самім, калі пабывалі на іх утульным, па-гаспадарску прадуманым і арганізаваным падворку. Гэты дом разам  з прысядзібным участкам толькі-толькі створанай маладой сям’і прапанавалі восенню ў 1994 годзе. Тады на гэтым закінутым селішчы ніхто не жыў ужо гадоў 10, дом стаяў без вокнаў, дзвярэй і падлогі, а на месцы сённяшніх цяпліц і плантацый у рост чалавека ўзвышаўся быльняг.
Ды толькі воля, працавітасць і ўмелыя, нястомныя рукі людскія любое самае змрочнае месца здольныя райскім зрабіць – так і ў гэтым выпадку атрымалася. Жылі дружна, працавалі ад світання да закату, выхавалі двух дзяцей, якія сталі бацькам памочнікамі ва ўсіх іх справах. Старэйшая Юлія зараз навучаецца на апошнім курсе Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі ў Гомелі, а сын Дзяніс вучыцца ў Мазырскім політэхнічным каледжы. Але як толькі выпадае дзень-другі, абавязкова прыязджаюць яны сюды, у Веляцін дапамагчы бацькам. Напэўна, гэта і ёсць той генетычны кліч продкаў, якія жылі і працавалі на зямлі спрадвеку. Напрыклад, бацька Святланы Паўлаўны – Павел Яфімавіч, быў вядомым у раёне механізатарам, 50 гадоў адпрацаваў у мясцовым калгасе «Бальшавік», узнагароджаны ардэнамі Леніна і Чырвонага Працоўнага Сцяга, нямала ўзнагарод за бездакорную працу паляводам мела і яе маці. А бацька мужа, Леанід Дзмітрыевіч, таксама працаваў у сельскай гаспадарцы – з’яўляўся галоўным аграномам калгаса імя ХХІ з’езда КПСС. Так што гэтая сям’я генетычна звязана з зямлёй продкаў – адсюль і такая любоў да работы на ёй.
Толькі дзіву даешся – калі яны паспяваюць усё зрабіць і ўправіцца. Вячаслаў Леанідавіч працуе вадзіцелем на Звеняцкоўскім пажарным аварыйна-выратавальным посце раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, а Святлана Паўлаўна – бібліятэкарам Веляцінскай вясковай бібліятэкі. У рабоце на прысядзібным участку кіруюцца галоўным прынцыпам: «Ніякай хіміі!». У доглядзе за раслінамі выкарыстоўваюць толькі «Экасіл», прэпарат на аснове экстракта піхты, і малочную сыроватку ў прапорцыі 1:10 з вадой для апрацовак супраць фітафторы. Магчыма пагэтаму гародніна з іх падворка выглядае так прыгожа і з’яўляецца такой прыемнай на смак. Але колькі ж працы штодня ўкладваюць у свой участак гэтыя людзі! Асабліва зараз, калі надыйшлі восеньскія халады, а ў іх цяпліцах да Новага году будуць спець памідоры, яшчэ некалькі тыдняў парадуюць гуркі, а на адкрытым грунце будуць выспяваць кабачкі і баклажаны, перцы, кавуны і дыні, рэмантантная маліна. Праўда, ўсе гэтыя расліны ўжо надвячоркам трэба будзе штодзённа клапатліва накрываць спанбондам – вельмі карысным і незаменным у гэты час года для агароднікаў штучным матэрыялам. А яшчэ ж таксама штодзённыя праполкі, пасынкаванне, няспыннае ацяпленне парнікоў дровамі, назіранне за сістэмамі кропельнага паліву. Адным словам, рабочы дзень гэтай сям’і пачынаецца з першымі промнямі сонейка, а заканчваецца часцяком пры святле ліхтароў.

Але за такую працавітасць зямля шчодра дзякуе сваім працаўнікам. І нават бульба ў іх сёлета ўрадзіла на зайздрасць: роўная, буйная, гладкая – міжволі залюбаваўся адным толькі яе выглядам. Не кажу ўжо пра велізарныя і такія ж роўныя, мясістыя памідоры і перцы, кабачкі, сталовыя буракі, цыбулю, быццам узятую з рэкламных плакатаў капусту і моркву. Зрэшты, калі вам патрэбна добрая гародніна – прыязджайце ў Веляцін, у першы дом па вуліцы Новай. У сям’і Тальчукоў вам будуць радыя. Ды і вы, мяркую, не расчаруецеся.
А сёння Святлана Паўлаўна і Вячаслаў Леанідавіч парадуюць дарамі сваёй зямлі гасцей і ўдзельнікаў фестывалю «Кліч Палесся» ў Ляскавічах, дастойна прадставіўшы тым самым наш раён на гэтым вялікім агульнарэспубліканскім свяце.

Віктар Назаранка.
Фота Вікторыі Мароз.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *