Прысвячаючы сябе дзецям


Нездарма кажуць: “Маці – не тая, што нарадзіла, а тая, што выхавала”. Колькі прыкладаў, калі дарослыя людзі, нават маючы ўласных дзяцей, вырашаюць узяць у сваю сям’ю прыёмнае дзіця, а то і не адно! 
Прыемна, што такія адважныя (па-іншаму і не скажаш) ёсць і ў нашым раёне. У бягучым годзе на адну прыёмную сям’ю стала больш. Вераніка Генадзьеўна і Уладзімір Анатольевіч Міхальковы з вёскі Казялужжа ўзялі на выхаванне шасцёра дзяцей.

Упершыню размову аб тым, што ўсе дарослыя, а ў хаце павінен гучаць дзіцячы смех, завёў старэйшы сын Генадзь. У сям’і Міхальковых нарадзілася і вырасла трое дзяцей. Старэйшыя сыны Генадзь і Іван пачалі працаваць, Іван стварыў уласную сям’ю. Дачка Алёна стала студэнткай. 
На сямейнай нарадзе было вырашана звярнуцца ў Барысаўшчанскі сацыяльны прытулак. Паступова сям’я пачала павялічвацца. Першай прынялі Віку Солтан. У верасні дзяўчына паступіла ў Хойніцкае ДПТВ-183, знаходзіцца на дзяржзабеспячэнні, аднак усё роўна прыязджае ў Казялужжа да сваіх бацькоў. Потым  сям’я прыняла брата і сястру Уладзіслава і Карыну Новік, Мацвея Нікіфарава, Маргарыту Пагарцаву, Ігара Турчына.

Зараз усе яны – адна вялікая сям’я. З усімі праблемамі спраўляюцца самі. Старэйшыя дапамагаюць з хатнімі справамі, наглядаюць за малодшымі. Алёна, прыязджаючы да бацькоў, абавязкова прывозіць падарункі. Калі неабходна, то за старэйшага застаецца Генадзь. І ніхто не дзеліць дзяцей на “сваіх” і “не сваіх”.
– З імі жыццё працягваецца, –  дзеліцца Вераніка Генадзьеўна, –  спяшаешся  ім нешта даць, нешта зрабіць, каб паспець, каб не упусціць момант. Жыццё пралятае непрыкметна. Безумоўна, бываюць цяжкасці, але ў каго іх зараз няма? Бывае складана, прычым больш маральна, чым фізічна, бо ў кожнага  дзіцяці свой характар, да кожнага патрэбен  свой падыход. Аднак ні аднаго разу не з’явілася думка, што ўсё дарэмна, і лепш было б без гэтага… Не, не было б!

Усе гэтыя дзеці сацыяльныя сіраты, кожны са сваім драматычным лёсам, а таму з пэўнымі праблемамі. Доўгае знаходжанне ў асацыяльных сямейных абставінах фарміруе ў дзяцей і падлеткаў недавер да ўсіх дарослых. Адапціраваць прыёмных дзяцей да нармальнага сямейнага жыцця і ёсць галоўная задача бацькоў.
З пяцігадовай Карынай і васьмігадовым Уладзіславам напачатку было шмат праблем. Аднак паступова сітуацыя выпраўляецца. Добра вучыцца сямікласнік Мацвей. Маргарыта і Ігар ходзяць у дзіцячы садок.
– Думаю, з боку лепш бачна, ці ёсць змены ў нашых дзяцей, – расказвае Вераніка Генадзьеўна. – Шчыра ўдзячна дырэктару Казялужскай школы С.І. Барысенка, класнаму кіраўніку Уладзіслава Ж.Ю. Ушак і ўсім настаўнікам школы за дапамогу ў вырашэнні многіх пытанняў.

Сябруе сям’я Міхальковых з сям’ёй Людмілы Барысаўны Рабянок, у якой таксама выхоўваюцца прыёмныя дзеці. Разам вырашаюць паўстаючыя пытанні, пераймаюць вопыт адна ў адной. 
Галоўнае, што жадае Вераніка Генадзьеўна, каб яе дзеці выраслі здаровымі, стварылі свае сем’і, “выйшлі ў людзі” і ніколі б не бачылі гора.



Вольга БЕЛАШ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *