Знайсці, прапанаваць, растлумачыць


Аграэкатурызм – часовае знаходжанне грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства (аграэкатурысты) у сельскай мясцовасці Рэспублікі Беларусь на падставе дагавораў, заключаных з суб’ектамі аграэкатурызму, у мэтах адпачынку, аздараўлення, азнаямлення з прыродным патэнцыялам рэспублікі, нацыянальнымі культурнымі традыцыямі, без заняткаў працоўнай, прадпрымальніцкай, іншай дзейнасцю, аплачваемай і (або) прыносячай прыбытак (даход) з крыніцы ў месцы знаходжання.

Для гарадскога чалавека жыццё ў вёсцы – свайго роду пазнанне свету і прыроды, бо на гарадскім асфальце кароў не дояць, хлеб не вырошчваюць, яшчэ цёплыя яйкі з кубла не забіраюць. А хіба не хораша забрацца на вышкі і пераначаваць на свежым сене, паспрабаваць касіць, араць, даведацца, адкуль бярэцца хлеб і да хлеба на нашым стале? Дом адпачынку, санаторый – гэта добра, але не горш і танней  правесці водпуск у аграсядзібе з сям’ёй або з кампаніяй сяброў. У рэспубліцы і ў нашай вобласці іх створана нямала. Пабываўшыя там гараджане і замежныя госці застаюцца задаволенымі. Не ў накладзе і гаспадары, бо гэта для іх крыніца заробку, можна сказаць, створанае рабочае месца. А пры разумнай арганізацыі справы – і для многіх вяскоўцаў.

Аб гэтым гаварылася на пасяджэнні рабочай групы па развіццю аграэкатурызму ў нашым раёне пад старшынствам намесніка старшыні райвыканкама В.М. Шаўчэнкі, якая створана распараджэннем № 67-р раённага выканаўчага камітэта.

Віталій Мікалаевіч ужо набыў пэўны вопыт у арганізацыі гэтай справы, працуючы ў Петрыкаўскім раёне. Да прыкладу, у 64 кіламетрах ад г. Петрыкава ў невялікай палескай вёсачцы Дземенка, на беразе рачулкі Пціч знаходзіцца аграсядзіба “Хутарок”, гаспадаром якой з’яўляецца Л.У. Хадзько. Альтанкі для адпачынку, спартыўная пляцоўка, выдатная лазня, прагулкі да бабровых “хатак”, водныя прагулкі, верхавая язда, збор ягад, грыбоў, лекавых траў і проста прагулкі па лясных сцяжынках пакідаюць прыемныя ўспаміны. “Хутарок” мае магчымасць прыняць 10 чалавек.

Выдатнае спалучэнне гарадскога каларыту і вясковай ідыліі надоўга пакідаюць прыемныя ўспаміны ад адпачынку ў сядзібе “Дзеда Талаша” ў прыватным сектары г. Петрыкава.
А самая сучасная і добраўпарадкаваная аграсядзіба ў нашай вобласці–      “Панскі сад”, якая адкрыта ў маі 2008 года ў в. Касцюковічы Мазырскага раёна. Тут усё ўражвае турыста: прасторы ракі Прыпяць, вялікі малады сад, уласная царква, старажытны вясковы стыль гатэля і самае сучаснае абсталяванне, танцпол, канферэнцзала і многае іншае.

Хіба ж наша Хойнікшчына не багатая славутымі мясцінамі. Есць што расказаць і паказаць гасцям: рэстаўрыраваная панская сядзіба ў гарадскім парку, музеі І.П. Мележа, краязнаўчы, “Трагедыя Чарнобыля”, помнікі архітэктуры 19 стагоддзя ў Рудакове і Барысаўшчыне і інш. На жаль, пакуль яшчэ ніводнай аграсядзібы ў раёне не створана. Таму на пасяджэнні рабочай групы, на якое былі запрошаны старшыні сельскіх выканаўчых камітэтаў, канкрэтна, па-дзелавому абмеркавана, якім чынам арганізаваць гэтую справу, вялікая роля ў якой адводзіцца сельвыканкамам. Трэба не чакаць пакуль людзі праявяць ініцыятыву, а знайсці іх у кожным сельскім Савеце, прапанаваць, растлумачыць сутнасць Указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 371  “Аб некаторых мерах дзяржаўнай падтрымкі развіцця турызму ў Рэспубліцы Беларусь” і № 372 “Аб мерах па развіццю аграэкатурызму ў Рэспубліцы Беларусь”.
Як стаць аб’ектам аграэкатурызму? Для гэтага фізічнай асобе неабходна ўплаціць збор за ажыццяўленне дзейнасці па аказанню паслуг у гэтай сферы дзейнасці (да 31 снежня 2010 г. збор уплачваецца ў памеры адной базавай велічыні за каляндарны год, вызначаемай на момант уплаты); пісьмова праінфармаваць адпаведны сельскі Савет дэпутатаў аб намеры ажыццяўляць дзейнасць па аказанню паслуг у сферы аграэкатурызму; падаць у падатковы орган па месцу жыхарства заяву аб пастаноўцы на ўлік з прад’яўленнем дакумента, які пацвярджае ўплату збора.

Можна рэалізаваць праект у сферы аграэкатурызму з дапамогай крэдытнай падтрымкі банка. Крэдыт для фізічных асоб прадастаўляецца на тэрмін да 7 год (для сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак  не больш як на 5 год) з устанаўленнем працэнтнай стаўкі за карыстанне крэдытам у памеры 5 працэнтаў гадавых. Ен прадастаўляецца аднаразова або часткамі (траншамі) у межах максімальнага памеру (ліміту) агульнай сумы прадастаўляемых грашовых сродкаў (крэдыта) пры адкрыцці крэдытнай лініі. Можа выдавацца як наяўнымі грашовымі сродкамі, так і ў безнаяўным парадку (для сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак толькі ў безнаяўным парадку).
У раёне неабходна стварыць 10 аграсядзіб, як таго патрабуе рашэнне № 775  абласнога выканаўчага камітэта ад 24 чэрвеня 2010 года “Аб ходзе рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 сакавіка 2005 года “Аб дзяржаўнай праграме адраджэння і развіцця вёскі на 2005-2010 гады ў сферы фізкультуры і спорту”.



М. РАМАНЕНКА, начальнік аддзела па фізічнай культуры, спорту і турызму  райвыканкама.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *