У ціхай вёсцы Езапоў


Езапоў – вёска ціхая. Не было тут сёлета крыміналу, калі не лічыць, што нехта ўкраў капусту ў аднаго з вяскоўцаў на прысядзібным участку. Магчыма, і не свой, заезджы. На кантролі ва ўчастковага інспектара міліцыі А.В. Раманава адна сям’я, у якой зрэдку ўспыхваюць скандалы. Есць дзве асобы абавязаныя.

 Не інакш як гараджанамі сябе лічаць многія, бо да Хойнік рукой падаць, прыгарад. І няма мяжы  абурэння з-за таго, што да гэтага часу няма ў іх населеным пункце прыроднага газу, як у горадзе.
Гэтую праблему і ўзнялі першай езапоўцы ў час сустрэчы з інфармацыйна-прапагандысцкай групай, якую ўзначальвае старшыня райсавета дэпутатаў Г.В. Бондар.
Яна растлумачыла сітуацыю аргументавана і пераканаўча, а начальнік Хойніцкага цэха газавай гаспадаркі В.Р. Акшэсяк, як гаворыцца, ад “а” да “я” – парадак газіфікацыі індывідуальных жылых дамоў. Згодна з распрацаваным планам газіфікацыя Езапова намечана на 2013 год.

Людзі, што сабраліся каля вясковага магазіна ў пераважнай большасці пажылыя. Есць і такія, хто хоча правесці свае апошнія дні ў пансіянаце для састарэлых. Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Н.А. Слесарэнка расказала, якая катэгорыя грамадзян можа  аформіцца ў пансіянат. Тыя, хто мае дзяцей, якія не хочуць іх даглядаць, таксама маюць такую магчымасць. У такім выпадку дзеці ў прымусовым парадку будуць пакрываць розніцу ў расходах дзяржавы на ўтрыманне састарэлага і яго пенсіяй.

Наконт ачысткі калодзежаў растлумачана, што калодзежы, якія знаходзяцца на абслугоўванні камунальнай службы, будуць пачышчаны па заяўцы бясплатна, прыватныя – за пэўную плату.
Хацелася б жыхарам вёскі, каб усё смецце вывозілася камунальнай службай. Аднак ёсць пэўныя правілы і нельга ў машыну-смеццявозку грузіць, скажам, металалом, адходы дрэваапрацоўкі і інш. 
 Няма нараканняў на работу мясцовага магазіна, праблем са здачай шклотары. Толькі вось нестандартныя бутэлькі не прымаюцца. Намеснік старшыні праўлення райпо Т.П. Саханькова ўдакладніла, што іх таксама можна здаць, але як шклобой па 40 рублёў за кілаграм.

У час сустрэчы інфармацыйна-прапагандысцкай групы былі не толькі пытанні-адказы. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.В. Бондар расказала аб маючым адбыцца ІV Усебеларускім народным сходзе і выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, аб сацыяльна-эканамічным развіцці раёна, дэмаграфічнай сітуацыі на Хойнікшчыне.

А ў канцы сустрэчы  добрымі песнямі парадавалі жыхароў вёскі самадзейныя артысты Судкоўскага цэнтра культуры і адпачынку і іх мастацкі кіраўнік В.М. Церашкоў. 


               .


Уладзімір ДАЛГАЛЫЧАНКА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *