“Талеркі” з будынкаў зняць! А куды іх падзяваць?

Рэха падзеі

У № 88 райгазеты за 6 лістапада бягучага года была ўзнята актуальная для многіх хайнічан праблема забароны ўстаноўкі спадарожнікавых антэн на фасадах шматкватэрных дамоў.  Але кропка ў ёй не была пастаўлена. Карэспандэнт “Хойніцкіх навін” прадоўжыў сваё журналісцкае расследаванне.

Крок чацвёрты
Пасля апублікавання газетнага артыкула “талерачнае” пытанне стала актыўна абмяркоўвацца. Жыхары райцэнтра звярталіся ў рэдакцыю, выказваючы свае меркаванні наконт таго, як можна вырашыць ўзнікшую праблему. Так, наш чытач Мікалай Юрчанка прапанаваў разгледзець магчымасць устаноўкі спадарожнікавых антэн на дахах дамоў. Прыняўшы да ўвагі прапанову, пацікавілася аб гэтым у начальніка ЖЭУ КЖУП “Хойніцкі камунальнік” А.У. Тагая. Ен паведаміў, што ўстанаўліваць “талеркі” на дахах шматкватэрных дамоў тэхнічна немагчыма. Больш таго, для ўстаноўкі на дахі любой канструкцыі неабходна мець спецыяльны дазвол раённага архітэктара.

Крок пяты
Калі ўстаноўка спадарожнікавай антэны забаронена, а абмяжоўваць прагляд тэлебачання чатырма-пяццю каналамі вы не жадаеце, ёсць магчымасць выкарыстаць паслугу IP-TV. Каб карыстацца ёй, неабходна мець кватэрны тэлефон і тэлевізійны прыёмнік з раз’ёмамі RCA. Раённы вузел электрасувязі прапануе розныя тарыфныя планы, у залежнасці ад якіх вар’іруецца памер абаненцкай платы. І, здавалася б, ніякіх праблем з “талеркамі”. Але ў чарговы раз усплывае пытанне: “А куды ж дзяваць спадарожнікавую антэну, за якую ў свой час давялося нямала заплаціць?”. Можна даць аб’яву ў раённую газету і прадаць яе ўладальнікам прыватных дамоў, на якіх устаноўка антэн дазволена.

Крок шосты
 Вырашыла даведацца, як выходзяць са склаўшайся сітуацыі ў іншых гарадах вобласці. Пазваніла архітэктару Калінкавіцкага раёна Сяргею Аляксандравічу Савічу. Ен адзначыў, што ў Калінкавічах таксама забароне надаецца вялікая ўвага. Урэгуляванне праблемы ўстаноўкі антэн – справа  складаная. Заразтам робяцца першыя крокі ў вырашэнні праблемы – катэгарычна забараняецца ўстаноўка спадарожнікавых антэн на дахах і фасадах новабудоўляў. Тым жа карыстальнікам, якія ўстанавілі “талеркі” раней, трэба зрабіць дэмантаж.
Архітэктар Лоеўскага раёна Аляксандр Мікалаевіч Арцёменка падтрымаў калегу з Калінкавіч, падкрэсліўшы, што гэта пытанне шматграннае. Але тут жа заўважыў, што асаблівай праблематычнасці ў іх раёне яно не набыло, бо спадарожнікавых антэн на фасадах многакватэрных дамоў райцэнтра не так многа. “Тым больш, што калі мы гаворым аб забароне ўстаноўкі антэн, людзі адразу ж прад’яўляюць асноўны ўльтыматум – калі нельга карыстацца “талеркамі”, то чаму газеты пярэсцяць рэкламнымі аб’явамі, у якіх прапаноўваюцца паслугі па падключэнню спадарожнікавага тэлебачання?    

АД РЭДАКЦЫІ: журналісцкае расследаванне завершана. Забараніць нельга дазволіць – так і  хочацца паставіць коску пасля слова забараніць. Думайце самі, вырашайце самі, карыстайцеся нашымі парадамі.



Наталля ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *