НАГЛЯДАЛЬНІКІ ЗМОГУЦЬ БАЧЫЦЬ ПРАЦЭДУРУ ПАДЛІКУ ГАЛАСОЎ


Наглядальнікі змогуць бачыць працэдуру падліку галасоў. Аб гэтым паведаміла старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына 23 лістапада ў час оnline канферэнцыі на тэму “Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі: новыя спосабы вядзення перадвыбарнай барацьбы” на сайце Беларускага тэлеграфнага агенцтва.

“Наглядальнікі змогуць бачыць працэдуру падліку галасоў. Больш таго, ЦВК прыняў пастанову, у адпаведнасці з якой, наглядальнікі могуць выконваць свае функцыі ва ўмовах, што даюць магчымасць бачыць працэдуру падліку. А працэдура падліку ўключае ў сябе ўсё: як сарціруюцца бюлетэні, іх змест і інш.”, – сказала Лідзія Ярмошына. Але прапісаць канкрэтна, што кожны бюлетэнь будзе падымацца і зачытвацца ЦВК не можа, паколькі такія дзеянні будуць трактавацца як умяшанне ў выбарчае заканадаўства, сказала кіраўнік ЦВК.

Пры распрацоўцы выбарчага заканадаўства краіны ўлічваўся вопыт Беларусі і іншых дзяржаў. “Усе тыя, хто працаваў у ЦВК, палічылі, што празмерна рэгламентаваць дзеянні ўчастковых выбарчых камісій нельга. Дакладная рэгламентацыя прывядзе да таго, што грамадзяне, якія не з’яўляюцца прафесіяналамі, паўсюдна будуць парушаць гэты рытуал. Яны павінны быць дастаткова свабоднымі ў сваіх дзеяннях і лічыць так, як ім зручна. Таму наша заканадаўства не прапісвае гэта”, – растлумачыла Лідзія Ярмошына.

Паводле яе слоў, выбарчая камісія можа падымаць бюлетэні і паказваць іх наглядальнікам, але мае права гэтага і не рабіць.
“Мы зыходзім з таго, каб было зручна. Не можам толькі гаварыць аб правах наглядальніка. У нас з аднаго боку крытыка, з другога – мы стараемся задаволіць усе прэтэнзіі і зусім забываем пра інтарэсы тых, хто забяспечвае выбарчую кампанію”, – канстатавала старшыня ЦВК.

Яна таксама дадала, што апошняе рашэнне ЦВК, якое з’яўляецца прагрэсіўным і павышае правы наглядальнікаў, неадназначна ўспрынялі выбарчыя камісіі. У ЦВК паступаюць звароты ад членаў выбаркамаў, якія лічаць, што іх правы такім чынам ушчамляюцца. Таму неабходна знайсці залатую сярэдзіну, якая вызначыць дзеянні выбаркамаў, лічыць Лідзія Ярмошына.



БЕЛТА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *