Мужнасць, гонар. слава


Хойнікшчына ў 67-ы раз адзначыла вызваленне ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Але колькі б гадоў ні прайшло з таго памятнага лістападаўскага  дня 1943-га, гэтае свята было і застаецца важнай гістарычнай падзеяй, якая звязвае людзей розных пакаленняў. Дзень вызвалення сёлета адзначаўся разам  з мерапрыемствамі ў рамках акцыі  “За моцную і квітнеючую Беларусь!”.

Урачыстасці пачаліся ў райцэнтры 23 лістапада з ускладання вянкоў і кветак да Брацкай магілы на гарадскіх могілках, Каменя-мемарыяла мірным жыхарам, расстраляным у час акупацыі раёна, да помніка воінам-даватарцам і помніка ахвярам фашызму.

24 лістапада прадстаўнікі працоўных калектываў сабраліся на плошчы Танкістаў, дзе адбыўся мітынг, прысвечаны 67-й гадавіне вызвалення, які вяла першы сакратар РК ГА БРСМ Л.А. Гаркуша. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.В. Бондар, выступаючы на мітынгу, выказала асаблівыя словы падзякі ветэранам Вялікай Айчыннай, якія адстаялі для нас права быць грамадзянамі незалежнай дзяржавы, пажадала ім здароўя, шчасця і даўгалецця. Вельмі эмацыянальным было выступленне старшыні раённай ветэранскай арганізацыі М.С. Скрыпчанкі, які ўспомніў жахлівыя моманты вайны. Начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама І.С. Панчанка дзякавала ветэранам за права жыць, працаваць і ствараць пад мірным небам.

Мінутай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць загінуўшых у Вялікай Айчыннай вайне землякоў, да помніка-Танка ўскладзена гірлянда.
Затым эпіцэнтрам урачыстасцей стала цэнтральная плошча Хойнік, дзе на адкрытай пляцоўцы жыхары атрымлівалі віншаванні ад афіцыйных асоб і глядзелі вялікі канцэрт у рамках акцыі “За моцную і квітнеючую Беларусь!”.
Старшыня раённага выканаўчага камітэта А.В. Бічан узгадаў яркія і незабыўныя старонкі вызваленчых баёў, аддаў даніну глыбокай павагі ўсім, хто загінуў у барацьбе з ненавісным ворагам, адзначыў пасляваенны мірны подзвіг хайнічан, расказаў, што ўдалося зрабіць працаўнікам народнагаспадарчага комплексу раёна за апошнія гады. Добрая слава аб нашых земляках даўно перашагнула межы Хойнікшчыны. Шэсць ураджэнцаў раёна сталі Героямі Сацыялістычнай Працы, многія ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, сталі лаўрэатамі прэміі Ленінскага камсамола і Дзяржаўнай прэміі БССР. У ліку першых Герояў Беларусі  наш зямляк В.А. Рэвяка. За ўсю шматгадовую гісторыю рэспубліканскага фестывалю-кірмашу “Дажынкі” нашым працаўнікам аграпрамысловага комплексу дзевяць разоў уручаўся галоўны прыз кіраўніка дзяржавы – аўтамабіль.

За прайшоўшую пяцігодку істотным чынам змянілася аблічча сельскіх населеных пунктаў. Уведзена ў дзеянне 5 аграгарадкоў з адпаведнай інфраструктурай. Дзякуючы праводзімай дзяржавай мэтанакіраванай палітыцы дынамічна развіваюцца іншыя галіны народнагаспадарчага комплексу. Усё зробленае гаворыць аб тым, што створана грамадства для народа.

Аляксандр Васільевіч Бічан павіншаваў усіх са святам, пажадаў, каб дабрабыт, аптымізм былі вернымі спадарожнікамі па жыцці, моцнага здароўя, дабра і ўдачы на многія гады.
Першы намеснік старшыні аблвыканкама А.В. Баранаў зазначыў, што акцыя “Беларусь – гэта мы!” стартавала год назад менавіта на Гомельшчыне. Наша краіна сёння – гэта супольнасць выдатных людзей, якія ўмацоўваюць эканоміку, развіваюць аграрны сектар, дасягаюць вяршынь у культуры і спорце.

Ва ўнісон гучала на свяце і выступленне дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Г.В. Дашкевіча, які падкрэсліў, што дэвіз “За моцную і квітнеючую Беларусь!” аб’яднаў ўсе пакаленні: і ветэранаў, і моладзь. А разам мы – вялікая сіла, разам вызначаем свой лёс – лёс народа, які ўпэўнена глядзіць у будучае.

У святочнай канцэртнай праграме прынялі ўдзел вакальны мужчынскі ансамбль “Галасы Палесся”, ансамбль народнай песні “Крыніца”, вакальны ансамбль “Беларускае Палессе”, салісты Таццяна Пінчук, Марыя Яраш, ансамбль “Грамада”.

Звонкай песняй віншаваў хайнічан дзяржаўны ансамбль “Свята” з г.Мінска і яго саліст В. Статкевіч.
…Есць святы, якія не пачынаюцца і не заканчваюцца каляндарнай датай. Яны – заўсёды з намі. Дзень вызвалення – з іх ліку. Уласна, ён і ёсць наш агульны дзень нараджэння. Нараджэння міру, краіны, упэўненага ў будучым, а таму непераможнага беларускага народа.




Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *