Нацыянальны здабытак


Сёння імя ўраджэнца Хойнік Віктара Міхайлавіча Ганчарэнкі знаёма кожнаму беларускаму аматару футбола. Зрэшты, не толькі беларускаму, бо сваімі апошнімі поспехамі на еўрапейскай футбольнай арэне клуб з Барысава прымусіў гаварыць аб ім у кампліментарным тоне спецыялістаў футбола з вядучых краін старога свету.

У 2008 годзе БАТЭ першым з беларускіх футбольных клубаў трапіў у групавы турнір Лігі еўрапейскіх чэмпіёнаў і дастойна выступіў у кампаніі грандаў – мадрыдскага “Рэала”, турынскага “Ювентуса” і піцерскага “Зеніта”.
А на наступны, 2009 год, у біяграфіі барысаўчан была Ліга Еўропы – другі па значнасці еўрапейскі турнір, у групавую стадыю якога БАТЭ таксама трапіў першым з беларусаў. І тут каманда Віктара Ганчарэнкі праявіла характар, адабраўшы ачкі ў грэчаскага АЕКа і англійскага “Эвертона”, а таксама з мінімальнай перавагай уступіўшы знакамітай партугальскай “Бенфіцы”.

У сёлетнім сезоне БАТЭ на ўнутрырэспубліканскім фронце заваяваў усё, што было магчыма: яшчэ ў канцы сакавіка ў паядынку за Суперкубак Беларусі барысаўчане паверглі наваполацкі “Нафтан”, потым быў майскі фінал Кубка Беларусі – там лапкі перад выхаванцамі Віктара Ганчарэнкі склалі футбалісты жодзінскага “Тарпеда” – 0:5. І вось 4 лістапада датэрмінова, яшчэ за два туры да заканчэння нацыянальнага чэмпіянату краіны, БАТЭ аформіў сваё чэмпіёнства. Нічога не скажаш, проста феерычны сезон праводзіць у гэтым годзе барысаўскі клуб!

Мне ўспамінаюцца свае публікацыі ў раённай газеце 1995-1997 гадоў. Напрыклад, “На першынстве раёна сярод школ каманда СШ № 1  перамагла сваіх сапернікаў з Паселіч з лікам 7:1. Усе галы ў пераможцаў на рахунку Віктара Ганчарэнкі.” Гартаю старонкі падшывак далей: “СШ № 1– СШ № 2 – 11: 4. Восем мячоў забіў Ганчарэнка”. “СШ № 1– СШ № 3 – 12:2 . Самы выніковы зноў Ганчарэнка – 6 забітых мячоў”. Адным словам, ужо тады, у сярэдзіне 90-х, стала зразумела, што ў раёне падрастае сапраўдны футбольны талент.

Па вартасці ацаніў юнае дараванне трэнер ДЮСШ, а таксама старшыня райспорткамітэта Аляксандр Леанідавіч Вяргейчык. Ен аператыўна звязаўся з Юрыем Антонавічам Пышнікам з Рэспубліканскага вучылішча алімпійскага рэзерву, які гэтак жа аператыўна прыехаў на чарговую гульню хайнічан у першынстве вобласці. Вердыкт акадэміка юных футбольных талентаў усёй Беларусі быў адназначным: забіраю.

Такім  чынам Віктар Ганчарэнка трапіў у РВАР. Далей яго прыкмеціў тагачасны трэнер БАТЭ Юрый Іосіфавіч Пунтус і запрасіў у набіраўшы абароты барысаўскі клуб.

А вось з кар’ерай іграка ў Віктара Міхайлавіча не склалася. Злашчасныя траўмы адна за другой сыпаліся на ногі футбаліста. Галенастоп, звязкі каленнага сустава, пераломы і разрывы абрынуліся на яго паганым дажджом. Таму і давялося завяршыць актыўныя выступленні, не дасягнуўшы нават 30 гадоў.

Аднак, як кажуць, няма ліха без дабра. Кіраўніцтва барысаўскага клуба, і ў першую чаргу Анатолій Анатольевіч Капскі, прапанавала Віктару трэнерскую работу. Спачатку працаваў з дублёрамі, а ў канцы 2007 года ўзначаліў  асноўны састаў каманды.

Сёння на рахунку галоўнага трэнера БАТЭ Віктара Ганчарэнкі трохразовае запар чэмпіёнства ў краіне. Гэтае дасягненне Віктар Міхайлавіч лічыць адным з самых галоўных у сваёй трэнерскай кар’еры. А ёсць жа яшчэ  Ліга Еўропы, у якой барысаўчане ўпэўнена лідзіруюць у сваёй групе, апярэджваючы знакамітае кіеўскае “Дынама” і ранейшага чэмпіёна Галандыі (між іншым, адной з самых моцных футбольных краін!) – каманду АZ  з Алкмаара. Наўрад ці хто меркаваў, перад стартам гэтага турніру, што месцы пасля чатырох яго тураў размяркуюцца такім чынам. І яшчэ адзін запіс у гісторыю беларускага футбола: барысаўчане не толькі першымі трапілі ў групавы турнір Лігі Еўропы, але і першымі выйшлі ў стадыю плэй-оф.

Аднак падкупляюць не толькі чыста спартыўныя вынікі. Сёння ў многім дзякуючы асобе галоўнага трэнера ў БАТЭ склаўся на дзіва маналітны і згуртаваны калектыў аднадумцаў і саратнікаў. У ім няма месца зайздрасці і канфліктнасці, у ім умеюць шчыра радавацца поспехам таварышаў па камандзе, у ім усе хварэюць адной ідэяй – перамога! Перамога ў любым матчы, у любым турніры. Такое яно, гульнявое і жыццёвае крэда каманды Віктара Ганчарэнкі. І нездарма на цырымоніі закладкі будаўніцтва новага футбольнага стадыёна ў Барысаве Прэзідэнт нашай краіны А.Р. Лукашэнка зазначыў: “Барысаўчане! Беражыце свой футбольны клуб – такога іншага ў нас проста няма. А вы, футбалісты, беражыце свайго трэнера – гэта сапраўды талент і нацыянальны здабытак краіны!”

Для нас, хайнічан, прыемна яшчэ і тое, што Віктар Міхайлавіч не ўпускае любой магчымасці пабываць на сваёй малой Радзіме. 4 верасня ў нашым горадзе прайшоў незабыўны матч ветэранаў хойніцкага футбола. Праўда, ужо 3 верасня Ганчарэнку небходна было прыбыць у Мюнхен на стажыроўку ў знакамітай “Баварыі”. Тым не менш, Віктар Міхайлавіч знайшоў магчымасць перадаць хойніцкім дзецям тры футбольныя мячы ад футбалістаў БАТЭ. А яшчэ раней быў камплект гульнявых маек і спартыўных касцюмаў. Адным словам,  зямляк нас не забывае.

Як не забывае ён і свайго першага трэнера Аляксандра Леанідавіча Вяргейчыка, якога вы бачыце на гэтым здымку разам з В.М. Ганчарэнкам. Зроблены ён быў напярэдадні прамога эфіру праграмы “Выбар”, якая трансліравалася на канале АНТ 15 лістапада. На ім і балельшчыкі, і журналісты, і спецыялісты беларускага футбола пажадалі барысаўчанам поспехаў і прыгожай выніковай гульні.
Мяркую, што ўсе хойніцкія аматары футбола шчыра далучацца да гэтых пажаданняў. Хварэем за БАТЭ!


 


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *