Дзеля волевыяўлення народа


Зусім мала часу застаецца да выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Аб тым, якая падрыхтоўка праводзіцца да важнай палітычнай кампаніі, размова карэспандэнта “ХН” са старшынёй раённай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Л.Ф. КУЛАКОЎСКАЙ.

– Людміла Фёдараўна, на чым зараз акцэнтуе галоўную ўвагу раённая камісія?
– Усе мы з’яўляемся сведкамі перадвыбарнай кампаніі, якая поўным ходам ідзе ў Беларусі. Яна выклікае ў грамадстве вялікі інтарэс. Кандыдаты ў прэзідэнты праводзяць агітацыю, працуюць выбарчыя камісіі, прыступілі да маніторынгу сітуацыі назіральнікі за ходам выбараў.
З задачай па падрыхтоўцы выбарчых участкаў справіліся самым належным чынам паўсюдна. Тэматычнае афармленне ўчасткаў для галасавання праведзена своечасова і ў поўным аб’ёме. З 3 снежня ўстаноўлены графік работы ўчастковых выбарчых камісій. Спіскі выбаршчыкаў удакладнёны і знаходзяцца ў даступных месцах. Члены выбарчых камісій апавяшчаюць выбаршчыкаў, уручаюць запрашэнні на выбары.
Як правіла, у пераважнай большасці члены ўчастковых выбарчых камісій – людзі вопытныя. Есць і навічкі, якія з разуменнем і адказнасцю адносяцца да даручанай справы. Тым не менш, каб галасаванне прайшло арганізавана, у рамках закона  на базе Новабудаўнічага ўчастка № 4, які размяшчаецца ў гімназіі г. Хойнікі, праведзены трэнінг “Свабодныя дэмакратычныя выбары – празрыстыя працэдуры”, які з веданнем справы, з зацікаўленасцю для аўдыторыі вяла сакратар участковай выбарчай камісіі Савецкага ўчастка № 1 для галасавання Н.С. Смусянок. Абыгрываліся розныя сітуацыі, якія могуць узнікнуць у час выбараў, на заканчэнне ўдзельнікі мерапрыемства абмяняліся вопытам дзейнасці ў выбарчых камісіях.

– Выбаршчыкам, напэўна, будзе цікава ведаць аб тым, якія этапы выбарчай кампаніі і ў якія тэрміны прадстаяць.
– Згодна з заканадаўствам, з 14 па 18 снежня праводзіцца датэрміновае галасаванне, участковыя выбарчыя камісіі працуюць з 10 да 14 і з 16 да 19 гадзін, а дзень асноўнага галасавання – 19 снежня. На яго запланаваны шэраг культурна-масавых мерапрыемстваў. На ўсіх участках для галасавання будзе працаваць святочны гандаль. І, канешне ж, па добрай традыцыі адбудзецца ўшаноўванне маладых выбаршчыкаў.

– Людміла Фёдараўна, выкажыце, калі ласка, свае пажаданні выбаршчыкам.
– Удзел у галасаванні – наш грамадзянскі абавязак. У нашым грамадстве адбываюцца змены, і змены да лепшага. Запрашаю жыхароў горада і раёна прыняць удзел у выбарах і выкарыстаць свой шанс – самому выбраць будучае роднай Беларусі.



Гутарыла Клаўдзія БОСАК.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *