Станцавалі ў Мінску на першае месца

Культура

IMG_1159У мінулую суботу ў сталіцы прайшоў конкурс аматараў беларускіх народных танцаў «Мяцеліца-2017», удзел у ім прынялі 150 танцораў з усёй краіны.

Наш раён прадставілі тры танцавальныя пары розных узростаў. У катэгорыі 15-20 гадоў выступалі Мікіта Бяспалаў і Алеся Кірпічэнка, у катэгорыі 21-50 гадоў – Сяргей Гусак і Дар’я Бандарэнка. Харэаграфічныя нумары гэтым парам ставіла харэограф дзіцячай школы мастацтваў В.Г. Ледзянёва.

У старшай узроставай групе ад 51 года Хойнікшчыну прадставілі актыўныя ўдзельнікі ансамбля «Спадчына» (кіраўнік Л.У. Краўчанка) Мікалай Іванавіч Бурлій і Ганна Іванаўна Атрошчанка (на здымку). Гэта пара выканала танцавальны нумар-папуры з элементамі знакамітых народных танцаў – лявоніхі, полькі, каробачкі, вальсу, барыні.

Наш раён можа па праву ганарыцца сваімі талентамі – дзве маладыя пары атрымалі дыпломы ўдзельнікаў, а танцоры паважанага ўзросту дасягнулі вяршыні конкурсу – заваявалі першае месца ў сваёй узроставай катэгорыі! Да «Мяцеліцы-2017» рыхтавала будучых пераможцаў М.І. Бурлій і Г.І. Атрошчанка харэограф дзіцячай школы мастацтваў А.Р. Гушча.

Танцавальная пара Ганны Іванаўны і Мікалая Іванавіча не спыняецца на дасягнутым. Зараз харэограф Алена Рыгораўна рэпеціруе з імі нумар для ўдзелу ў абласным конкурсе выканаўцаў побытавых танцаў «Вытокі-2017», які пройдзе ў красавіку ў Калінкавічах.

Тэкст і фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *