Вокнаў нязгаснае святло


Электрычнасць, як і паветра, заўважаеш, калі іх не хапае. Нават пасля некалькіх хвілін “абясточвання” асабліва цэніш мяккае святло абажура, “жывы” экран тэлевізара, бразгатанне кавамолкі. А цяпер, калі наш горад рыхтуецца да Каляд і Новага года, яго вуліцы апранаюцца ў казачнае адзенне з рознакаляровых лямпачак і гірлянд, проста страшна падумаць, што нябачныя энергетычныя ручайкі раптам перасохнуць і казка знікне. Каб гэтага не здарылася, дзень і ноч нясуць сваю адказную вахту энергетыкі. Напярэдадні іх прафесійнага свята карэспандэнт “ХН” завітаў у Хойніцкі раён электрычных сетак, каб расказаць чытачам пра людзей нялёгкай і рызыкоўнай працы. І дапамог у гэтым начальнік РЭС В.Ф. Бандарэнка.

Хойніцкі РЭС ажыццяўляе  электразабеспячэнне ўсіх спажыўцоў электрасетак, а іх больш за 25 тысяч. Працягласць паветраных ліній электраперадач напружаннем 10 кілавольт складае 565 кіламетраў, а паветраныя лініі напружаннем 0,4 кілавольта цягнуцца на 524 км. Работнікі РЭС абслугоўваюць 310 трансфарматарных падстанцый.

Калектыў складаюць 52 чалавекі. Гэта прафесіяналы, якія працуюць з поўнай самааддачай. Іх работа спецыфічная, звязаная з рызыкай для жыцця. Але ў любых умовах, пры любых абставінах забяспечваюць  падачу электрычнай энергіі.

Заслужанай павагай у калектыве карыстаюцца вопытныя энергетыкі, такія як галоўны інжынер А.А. Тамашэўскі, майстры І.М. Шкурко, А.В. Сапожнікаў і П.В. Баган, механік Ю.А. Гаўрыльчык, дзяжурны падстанцыі У.Ф. Пацяруха. У іх паспяхова прымаюць працоўную эстафету маладыя спецыялісты, электраманцёры А.М. Прахарэнка, М.В. Сацура, І.Л. Папоў.

Вопыт ветэранаў працы і энтузіязм маладых энергетыкаў даюць добры вынік. Сёлета праведзена рэканструкцыя падстанцыі 110/35/кВ, ВЛ 320,317,  ВЛ 0,4 кВ па вуліцах К. Маркса, Савецкай, Будзённага, Садовай, 60-ці камсамольцаў-падпольшчыкаў, Сялянскай, Катоўскага, Паўночнай. У вёсцы Веляцін заменены комплексныя трансфарматарныя падстанцыі на новыя мачтавыя, устаноўленыя на слупах.

Кожнае падраздзяленне раёна электрычных сетак – аператыўна-дыспетчарская служба, аператыўна-выязныя брыгады – працуюць у адзіным рытме, забяспечваючы бесперабойную работу сетак у цэлым. Нават пры надзвычайных сітуацыях работнікі РЭС робяць усё магчымае для таго, каб хутчэй выправіць становішча. Дыспетчары А.У. Чэкан , Г.В. Фешчанка, А.М. Трушкоў, А.У. Паўліна, А.Д. Ярмоленка, А.Д. Шушкевіч спраўна каардынуюць работу брыгад. “Хуткай дапамогай” можна назваць работнікаў аператыўна-выязной брыгады электраманцёраў В.В. Астрэйку, А.А. Гушча, С.В. Сачанку, А.Ю. Нечыпаркова, А.А. Краўчука, С.У. Базульку  і вадзіцеляў В.В. Жаўняка, А.Р. Лабада, А.М. Бурэя, А.Р. Кот, Д.С. Пыцікава, якія і днём, і ноччу гатовы выехаць на лінію, каб абнавіць электразабеспячэнне ў раёне.

Патрэбна ўдакладніць, што ўсе добрыя справы, поспехі, планы і задумы калектыву энергетыкаў накіраваны на карысць жыхароў нашай Хойнікшчыны.




Шчыра віншую свой паважаны, таварыскі, працавіты і згуртаваны калектыў, шаноўных ветэранаў і калег-энергетыкаў з нашым прафесійным святам – Днём энергетыка. Ад усёй душы жадаю моцнага здароўя і шчасця, матэрыяльнага дабрабыту і цудоўнага настрою і, як гаворыцца, мірнага неба і ўдосталь хлеба. Выказваю падзяку ўсім работнікам Хойніцкага раёна электрычных сетак за іх творчую, кваліфікаваную, стваральную і самаадданую працу па надзейнаму энергазабеспячэнню горада, па стварэнню для хайнічан камфортных бытавых умоў у іх кватэрах і з гэтай нагоды – утульнасці і добрага настрою.



                                                        В. БАНДАРЭНКА, начальнік Хойніцкага РЭС. 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *