Чалавеку нельга без мары


У мінулым годзе адзін з лепшых дзюдаістаў і самбістаў краіны Сяргей Кухарэнка завяршыў свае выступленні ў вялікім спорце.        Аб тым, як складваўся яго далейшы лёс, былы спартсмен, а зараз трэнер расказвае карэспандэнту “Хойніцкіх навін”.

– Сяргей Пятровіч, завяршэнне спартыўнай кар’еры – адказны і псіхалагічна нялёгкі крок. Як вы пераадолелі гэты бар’ер?
– Так, развітанне з вялікім спортам – заўсёды своеасаблівы стрэс для кожнага спартсмена: мяняецца лад жыцця, яго тэмп і напружанасць, узнікае нейкі часовы вакуум, які кожны пераадольвае па-свойму. Для мяне, напрыклад, спачатку былі не зусім звычнымі адсутнасць трэніровак і спаборніцтваў, неабмежаваны вольны час, якога раней так не хапала, і нейкая нязвычная псіхалагічная расслабленасць. Тым не менш, і зараз падтрымліваю спартыўную форму, хаця нагрузкі сёння, канешне ж, не такія, якімі яны былі ў час выступленняў на татамі.

– Чым яшчэ займаецца сёння прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы, удзельнік дзвюх Алімпіяд?
– Маё асноўнае месца работы – Рэспубліканскае вучылішча алімпійскага рэзерву. Працую трэнерам па барацьбе дзюдо і самба, вяду групу з 9 дзяўчат 14-15-гадовага ўзросту з Хойнік, Лоева і Чачэрска. Усе яны маюць добрыя задаткі і пры належных адносінах да трэніровачнага працэсу і спартыўнага рэжыму могуць вырасці ў вялікіх майстроў татамі. Іх узровень можна ацаніць і на гэтым турніры, на якім пераможцамі сталі хайнічанкі з маёй групы Ксенія Будзько, Крысціна Ярац і Анастасія Кузьменка. Другое месца, уступіўшы ў фінале Крысціне Ярац, заняла Аляксандра Шкут.
 Акрамя таго, займаюся з групай малышоў 7-8-гадовага ўзросту.

– Выступленне вашых хойніцкіх выхаванак ідзе ў залік каманды нашага раёна?
– Абавязкова. У дзяўчат павінна выхоўвацца пачуццё патрыятызму і гонару за сваю малую радзіму. Я сам, калі выходзіў на татамі, абавязкова адзначаў, што я з Хойнік – лепшага для мяне месца ў свеце, у якім засталося маё дзяцінства, родныя і сябры. Такія ж пачуцці павінны заўсёды прысутнічаць у маіх сённяшніх падапечных.

– Сяргей Пятровіч, а як з пераемнасцю, ці жадаюць вашы сыны пайсці па спартыўнаму бацькоўскаму шляху?
– Старэйшы Іван займаецца барацьбой другі год у маёй дзіцячай групе, а малодшаму Фёдару гэта пакуль што ранавата: ён яшчэ толькі ходзіць у дзіцячы садзік.

– Вам, спартсмену з іменем, многае ўдалося дасягнуць за час выступленняў у спаборніцтвах і турнірах. Але ж, магчыма, нейкая мара так і засталася нерэалізаванай?
– Чалавеку нельга жыць без мары. І хаця ў маёй калекцыі ёсць медалі юнацкіх і дарослых чэмпіянатаў свету і Еўропы, адна з мэт так і засталася недасягнутай: заваяваць медаль алімпійскай вартасці. Пагэтаму сёння мару аб тым, каб узнагароду Алімпіяды атрымаў нехта з маіх выхаванцаў альбо сыноў. Для гэтага зараз ёсць усе ўмовы: падтрымка з боку кіраўніцтва РВАР, галоўнага трэнера зборнай краіны, майго даўняга таварыша па вялікаму спорту Руслана Леанідавіча Шарапава, выдатныя ўмовы для трэніровак, аднаўлення і ўдзелу ў спаборніцтвах юных дзюдаістаў і дзюдаістак.

Так што мне сёння застаецца толькі працаваць, працаваць і яшчэ раз працаваць.



          
        Віктар НАЗАРАНКА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *