У Беларусі не будзе масавых звальненняў


У Беларусі не будзе масавых звальненняў і ўсплёску беспрацоўя. Аб гэтым заявіў 11 студзеня прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, на якім разглядаўся праект Дзяржаўнай праграмы садзейнічання занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь на бягучы год.
Кіраўнік Урада падкрэсліў, што ў разгар сусветнага фінансавага крызісу ў Беларусі забяспечана занятасць і сацыяльная абарона насельніцтва. Так, узровень зарэгістраванага беспрацоўя ў Беларусі, прычым ва ўмовах мадэрнізацыі эканомікі, складае 0,7 працэнта да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва. Для параўнання: у Велікабрытаніі гэты паказчык складае 7,9 працэнта, у Польшчы – 9,4 %, у Расіі – 9,2 %, у Літве – 13 %.
“Дзяржава павінна клапаціцца не проста аб занятасці насельніцтва, а аб занятасці высокапрадукцыйнай працай, – падкрэсліў прэм’ер-міністр. – Разам з колькаснымі паказчыкамі неабходна забяспечваць і якасныя”.
Міхаіл Мясніковіч звярнуў увагу на неабходнасць росту прадукцыйнасці працы. “У планах – яе павелічэнне ў 1,6 раза без зніжэння колькасці занятых у эканоміцы, – канкрэтызаваў ён. – Разлікова мы гаворым аб стварэнні аднаго мільёна рабочых месц з дабаўленай вартасцю 60 тыс. долараў на аднаго занятага па парытэту пакупной здольнасці. Сёння ў Беларусі гэты паказчык у 2,45 раза ніжэйшы, чым у сярэднім у Еўрасаюзе. Тэмп росту, які трэба забяспечыць за пяцігодку ў Беларусі, – у 2,6 раза”.
Праектам Дзяржпраграмы прадугледжваецца стварэнне ў 2011 годзе 175 тыс. рабочых месц, але толькі чвэрць з іх прадугледжваецца арганізаваць у малых гарадах і сельскай мясцовасці. Такім чынам, дадаў Міхаіл Мясніковіч, асноўная канцэнтрацыя новых рабочых месц прадугледжваецца ў адпаведнасці з праектам праграмы ў буйных гарадах. Разам з тым найбольшы патэнцыял прадукцыйнасці працы – у сферы матэрыяльнай вытворчасці. “У гэтым плане патрабаванні да сучаснага рабочага – як да інжынера”, – сказаў прэм’ер-міністр і задаўся пытаннем: як будзе ажыццяўляцца перападрыхтоўка і прафпадрыхтоўка кадраў з улікам задач інавацыйнага развіцця эканомікі і дэфіцыту высокакваліфікаваных рабочых, спецыялістаў інжынернага профілю?
Міхаіл Мясніковіч лічыць, што найбольшы патэнцыял праблем – у населеных пунктах з нестабільна працуючымі горадаўтваральнымі прадпрыемствамі. Тут рынак працы непасрэдна залежыць ад дзейнасці такога прадпрыемства. Таму патрэбны мэтанакіраваныя меры па гэтых населеных пунктах, правядзенне пастаяннага маніторынгу ў іх. Прэм’ер-міністр канстатаваў, што ў праекце Дзяржпраграмы ўдзяляецца ўвага населеным пунктам з горадаўтваральнымі прадпрыемствамі.


 


БЕЛТА.





Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *