Часцінка нашай гісторыі

Наши проекты

Фотаздымак, аб якім пойдзе размова на гэты раз, не зусім звычайны. Справа ў тым, што гэта не проста аматарская альбо афіцыйная фатаграфія, гэта здымак рэкламнай афішы вакальна-інструментальнага ансамбля Хойніцкага раённага Дома культуры «Юнакі Палесся».

У пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя гэты калектыў быў на піку сваёй папулярнасці. Менавіта ў тыя часы аўтару гэтых радкоў пашчасціла быць яго ўдзельнікам, і многія з тых падзей сёння ўспамінаю праз прызму свайго асабістага лёсу. Вось і зараз узгадваю, як часта запрашалі нас на здымкі на Гомельскае абласное і Беларускае рэспубліканскае тэлебачанне, і як часта выступалі мы з канцэртамі перад жыхарамі населеных пунктаў раёнаў і вобласці. Былі сярод іх і райцэнтры (запомніліся выступленні ў Рэчыцы, Мазыры, Жыткавічах, Светлагорску, Чарнобылі (яшчэ дааварыйным), Петрыкаве, Брагіне і Лоеве), і буйныя сельскія населеныя пункты (Каравацічы, Холмеч, Зімовічы (той жа Чарнобыльскі раён суседняй Украіны), а былі і зусім невялічкія вёсачкі нашага раёна. Дарэчы, калі гаварыць пра Хойнікшчыну, то на ёй, напэўна, не засталося ніводнай вёскі або пасёлка, дзе б «юнакі» не адзначыліся сваім выступленнем.

А гледача ж трэба паважаць, ды і сваю марку таксама неабходна заўсёды трымаць высока. Вырашэнню гэтых дзвюх пастаўленых задач і павінен быў паспрыяць выпуск уласнай афішы ансамбля. Гэтым мастацкі кіраўнік ансамбля Анатолій Навуменка, а таксама яго верны паплечнік і самы вопытны з музыкантаў «юнакоў» Павел Барадулін ушчыльную заняліся вясной 1981 года. Менавіта гэтыя два чалавекі ўласнаручна прадумалі дызайн афішы, удакладнілі нават самыя дробныя дэталі размяшчэння тэксту, яго зместу і нават варыянты напісання літар.

Асобна давялося павазіцца з фотаздымкам. Варыянтаў было бясконцае мноства: з музычнымі інструментамі і без іх, у сцэнічных касцюмах і ў сваім адзенні, на сцэне і ў глядацкай зале, на ўлонні прыроды. Але Навуменка і Барадулін, як завядзёныя, паўтаралі: не тое!

Нарэшце ўсё ж спыніліся на варыянце сцэнічных касцюмаў, якія калектыву дасталіся ад знакамітых «Песняроў», а фотакамера нас выхапіла быццам бы ў час выступлення на сцэне роднага РДК.
Калі папярэдні эскіз афішы быў гатовы, звярнуліся ў Хойніцкую друкарню. Але там нас чакала няўдача: прадпрыемства не працавала з каляровым друкам, а чорна-белы фармат не задавальняў ужо нас.
Давялося ехаць у Мазыр. Там паставілі ультыматум: друкуем не менш 200 экземпляраў, мы ж планавалі для пачатку не больш сотні. Потым усё ж вырашылі: была не была – друкуем адразу 500!

Як пазней паказаў час, рашэнне было верным – афішы разыходзіліся, як гарачыя піражкі. Па-першае, напачатку, калі іх развешвалі ў населеных пунктах задоўга да будучых канцэртаў, яны знікалі са стэндаў у той жа вечар, даводзілася ехаць і чапляць новую афішу. Калі ж прападала і яна, вывешвалі новую непасрэдна ў дзень канцэрта, аднак бывала і так, што знікалі афішы і пасярод белага дня.

Па-другое, у кожнага з нас было мноства родзічаў, сяброў і проста знаёмых і кожны прасіў – дай! Прычым з аўтографамі ўсіх удзельнікаў ансамбля. З аднаго боку, купацца ў промнях славы было, канешне ж, прыемна. А з другога – кіраўніцтва ансамбля з трывогай назірала за тым, як на вачах таяў запас афіш ансамбля. Скончылася ўсё тым, што там жа, у Мазыры, дадаткова заказалі яшчэ 500 афіш.

Сёння з гэтай колькасці ў нашым горадзе засталіся толькі лічаныя адзінкі гэтых своеасаблівых часцінак гісторыі. Ёсць такая і ў мяне. Час і сонейка перафарбавалі колер паперы з белага на жоўты, таму заказаў спецыяльную рамку і памясціў яе пад шкло. Але паліграфічныя даныя чытаюцца выразна, а з іх вынікае, што аддрукавана афіша была 13 мая 1981 года. Гэта значыць, што ў наступным месяцы споўніцца 36 гадоў з таго дня. Сам жа ансамбль у гэтым годзе адзначыць сваё 45-годдзе. Акрамя кіраўніка ансамбля, Анатолія Навуменкі (вечная яму і светлая памяць!), усе тыя, хто адлюстраваны на гэтай афішы, жывыя. Вось толькі ці давядзецца яшчэ калі-небудзь сабрацца нам разам і ў тым жа саставе?

Віктар НАЗАРАНКА.
Фота Вікторыі МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *