Радавод Івана Мележа


Як і кожны чалавек, І.П. Мележ вельмі любіў свой край, гэты мілы сэрцу куток, дзе нарадзіўся. А карані яго роду бяруць  пачатак з-пад Прагі, дзе нарадзіўся прадзед Івана Паўлавіча Ігнацій па прозвішчу Мялешак. Ен быў высланы з Чэхіі ў Расію за вальнадумства, у войску пазнаёміўся з палешуком і прыехаў у вёску Глінішча, дзе закахаўся ў мясцовую дзяўчыну Кацярыну і ажаніўся з ёй. У сувязі з тым, што прозвішча Мялешак не было сугучна з колькасцю дзяцей, то ён выправіў яго на больш  ёмістае – Мележ. У іх было дзесяць дзяцей.



Прадзед на той час быў паважанай асобай і з’яўляўся валасным старшынёй у Юравічах. 2 ліпеня 1874 года Ігнацій Мележ падпісаў, сярод іншых членаў апякунскага савета, акт аб прыёмцы царквы. Пры ім Юравіцкі маёнтак перайшоў да новага гаспадара, будаваўся сабор. Юравічы сталі вялікім адміністрацыйным цэнтрам, дзе ў 1871 годзе было адкрыта народнае жаночае вучылішча. Сын Ігнація Фёдар (дзед І. Мележа) таксама быў валасным старшынёй з 1890 па 1898 год. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі ўвайшоў у валасное кіраванне, працаваў пісарам, меў невялікую бібліятэку. У Ф.І. Мележа нарадзілася сямёра дзяцей: Васіль, Анастасія, Соф’я, Іван, Павел (бацька пісьменніка), Змітро, Марыя.



Бацька І.П. Мележа Павел Фёдаравіч нарадзіўся ў 1889 годзе. Закончыў царкоўна-прыхадскую школу і паступіў у рэальнае вучылішча ў Мазыры. Праўда, вучыўся адзін год, бо памёр бацька (Фёдар Ігнацьевіч Мележ). Маці пісьменніка Марыя Дзянісаўна родам з Каранёўкі.  Бацькі Івана Мележа былі прыкладам руплівасці. На ўсё Глінішча славілася спрытам ў працы маці, а бацька, акрамя працы па гаспадарцы, у полі, на лузе, рабіў яшчэ гонты, дзежкі, цэбрыкі, наймаўся ўстаўляць вокны і дзверы ў новых хатах.
У 1917 годзе ў сям’і Мележаў нарадзіўся сын Аляксандр, ён памёр у чатырохгадовым узросце. Два гады пражыў сын Уладзімір, які нарадзіўся ў 1919 годзе. У 1921 годзе на свет з’явіўся Іван Паўлавіч Мележ.



Працягваў  генеалагічнае мележаўскае дрэва Іван Паўлавіч з Лідзіяй Якаўлеўнай Пятровай-Мележ. У іх у 1944 годзе нарадзілася дачка Людміла. Яна закончыла Інстытут замежных моў, працавала перакладчыцай у Інстытуце матэматыкі Акадэміі навук БССР. У сям’і Людмілы Іванаўны нарадзіліся дзве дачкі – Дар’я і Ганна. Дар’я зараз жыве ў Італіі, Ганна – у Мінску.



У 1961 годзе ў сям’і Івана Мележа нарадзілася другая дачка Ларыса. Яна з мужам –мастакі па прафесіі. У іх сям’і нарадзіўся сын Іван, зараз жыве ў Мінску, працуе дызайнерам.
У слаўнага мележаўскага роду – дастойнае прадаўжэнне.



А. ДЗМІТРЫЕНКА, настаўніца СШ №2 г. Калінкавічы.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *