Набіраем абароты

Сельское хозяйство

Гаспадаркі раёна паступова набліжаюцца да завяршэння касьбы траў першага ўкосу. Па стану на 1 чэрвеня скошана больш паловы запланаванай (3789 га) пад травы першага ўкосу плошчы. Хутчэй за астатніх кашэнне першага ўкосу правялі механізатары КСУП імя Мележа (на плошчы 500 гектараў) і эксбазы «Стралічава» (307 га). На кармавых угоддзях эксбазы мы і пабывалі ў першы дзень лета.

Аб падрабязнасцях і паказчыках сёлетняга сезона корманарыхтоўкі даведаліся ад в.а. галоўнага агранома гаспадаркі Вольгі Пятроўны Ярац і галоўнага інжынера Уладзіміра Уладзіміравіча Сідарка.
Абодва спецыялісты салідарныя ў тым, што ў мінулым годзе ўмовы былі больш спрыяльнымі для добрага травастою і тэрмінаў пачатку касавіцы за кошт больш вільготнага надвор’я. Але і ў сёлетнім, у цэлым, бедным на дажджы маі, з травамі першага ўкосу стралічаўцы спраўляюцца дастойна. 29 мая ў гаспадарцы завяршылі касьбу, якой на кормаўборачным камбайне УЭС-2-250 «Палессе» займаўся вопытны механізатар Мікалай Мікалаевіч Салдаценка. Па стану на 1 чэрвеня нарыхтавана 99,3 тон сена і 200 тон травянога сенажу, які сёлета ў гаспадарцы рыхтуюць па новай тэхналогіі – у рулонах з полімерных матэрыялаў. Гэта дазваляе значна павысіць якасць кармоў, што ў цэлым спрыяе іх прадукцыйнасці і эфектыўнасці. А, значыць, паспрыяе росту будучых надояў і прываг на адкорме.
Зараз на кармавых угоддзях «Стралічава» актыўна займаюцца ўборкай траў. Выдатныя вынікі штодзень паказваюць працуючыя на адвозцы сянажных рулонаў і сена вадзіцель МАЗа-533603 М.Д. Бурдзядзь (на здымку) і механізатар В.В. Гардзейчык (на трактары МТЗ-82). Эфектыўна займаюцца зграбаннем і варашэннем траў механізатары А.М. Касінскі (на трактары МТЗ-952 з граблямі ГР-700) і У.М. Савянок (МТЗ-1221 з ГВР-420). Не першы год прасаваннем сена на трактары МТЗ-82 з прэс-падборшчыкам ПРФ-180 якасна займаецца А.Ю. Пабядзінскі.
Для ўсіх, занятых на работах па нарыхтоўцы кармоў, прама ў поле арганізавана дастаўка гарачага харчавання. Важны факт – механізатары і вадзіцелі аплачваюць толькі 10 працэнтаў кошту абедаў, астатнія расходы па аплаце бярэ на сябе гаспадарка.
Калі аналізаваць паказчыкі нарыхтоўкі кармоў у цэлым па раёну, то сезон масавай корманарыхтоўкі толькі пачынае набіраць абароты. Па стану на 1 чэрвеня ў траншэі закладзена 1400 тон сіласу (план – 123924 т), нарыхтавана 230 тон сенажу (44071 т) і 112 тон сена (8939 т).

Віктар НАЗАРАНКА.
Фота Вікторыі МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *