Злачыннасць: яе карані і выкараненне

Законнасць і парадак

Адным з самых важных пытанняў жыцця грамадства была і застаецца праблема ўтаймавання злачыннасці. Аб шляхах і метадах яе вырашэння размова з начальнікам раённага аддзела ўнутраных спраў С.А. БАРЫСЕНКАМ.



– Сяргей Анатольевіч, наколькі складанай выглядае сітуацыя са станам злачыннасці ў нашым раёне?
– Калі аналізаваць вынікі мінулага года і двух месяцаў года бягучага, то можна зрабіць вывад аб тым, што ў цэлым сітуацыя са злачыннасцю ў раёне застаецца стабільнай на працягу апошніх гадоў. У нас не назіраецца рэзкіх скачкоў колькасці тых або іншых супрацьпраўных дзеянняў, за выключэннем росту колькасці злачынстваў, здзейсненых у 2010 годзе непаўналетнімі, у параўнанні з аналагічным паказчыкам 2009 года. Але і гэты факт не выбіваецца з агульнага стану злачыннасці непаўналетніх за апошнія 5 гадоў: у 2006 годзе малалетнімі правапарушальнікамі было здзейснена 46 злачынстваў, у 2007-м – 47, 2008-м – 38, 2009-м – 18, 2010-м – 30.
Больш таго, мы назіраем тэндэнцыю да зніжэння паказчыкаў злачыннасці па многіх пазіцыях. Змяншаецца агульная колькасць злачынстваў цяжкіх і асабліва цяжкіх, а таксама здзейсненых асобамі ў стане алкагольнага ап’янення і раней асуджанымі. Дарэчы, аналагічныя паказчыкі атрыманы і па выніках 2 месяцаў 2011 года.



– У чым, на Вашу думку, карані злачыннасці?
– У розныя часы і ў розных грамадска-палітычных фарма-цыях існаваў свой адказ на гэтае пытанне. Аднак, па майму перакананню, злачыннасць вынікае з нявырашаных сацыяльных і эканамічных праблем, паўстаючых перад грамадствам.
Там, дзе вынікі эканамічных рэформ даюць найбольш пазітыўны і рэальны плён, дзе людзі забяспечаны высокааплачваемай працай з належнымі яе ўмовамі, там і ўзровень злачыннасці больш нізкі. У дадатак, на такіх прадпрыемствах і кантроль за станам працоўнай дысцыпліны больш эфектыўны, і негатыўныя паводзіны чалавека ў быце таксама застаюцца ў фокусе ўвагі.
Там жа, дзе няма работы, дзе затрымліваюць і без таго невысокую зарплату, людзі топяць свае паўсядзённыя праблемы ў алкаголі.
Успомніце, напрыклад, «ліхія 90-я»: цэлы комплекс праблем эканамічнага, сацыяльнага і палітычнага характару паўстаў перад усімі рэспублікамі былога СССР, у заняпадзе – прамысловасць, сельская гаспадарка, будаўніцтва, іншыя сферы вытворчасці. І толькі адна галіна працавала з велізарнымі прыбыткамі – вытворчасць віна-гарэлачных вырабаў. Адсюль і хваля крыміналу, злачыннасці, якая захлынула грамадства ў той неспакойны час.
У цяперашні час сацыяльныя і эканамічныя праблемы не паўстаюць з былой вастрынёй. І ўсё ж яны не зніклі, не зняты з павесткі дня. Ды і людзі сталі іншымі. Цяпер, напрыклад, чалавеку ўжо мала проста мець пастаянную работу – хочацца і дастойнай аплаты, і камфортных умоў працы. А гэта не кожнае прадпрыемства можа сабе дазволіць. Асабліва ў сельскай гаспадарцы, дзе не хапае даярак, цялятніц, даглядчыкаў жывёлы – не вельмі жадаюць людзі, асабліва моладзь, займацца цяжкай сялянскай працай, таму і жывуць на выпадковыя, сезонныя і іншыя несістэмныя заробкі. І толькі ў моцных фінансава і эканамічна гаспадарках праблем з кадрамі не існуе.
Для прыкладу возьмем Велікаборскі сельскі Савет. На яго тэрыторыі пражываюць 1464 жыхары, з якіх 790 чалавек працаздольнага ўзросту. У сельгаспрадпрыемстве «Велікаборскі» працуе 98 чалавек. Адкінем 200 (ды і то замнога) на долю рабочых і майстроў вытворчага ўчастка КЖУП «Хойніцкі камунальнік», настаўнікаў школы, работнікаў сельвыканкама, магазінаў, СДК і клубаў, участковай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі. Застаецца амаль 500 чалавек. Чым яны займаюцца?
І такі малюнак характэрны не толькі для Велікаборскага сельскага Савета.
Другім фактарам, абумоўліваючым злачыннасць, з’яўляецца нарастаючая алкагалізацыя грамадства. З года ў год расце ў дзяржаўным, кааператыўным і прыватным гандлі рэалізацыя спіртных напіткаў, набіраюць абароты самагонаварэнне і незаконная рэалізацыя алкагольных напіткаў. А дзе п’янства, там і злачыннасць, нездарма ж у народзе кажуць: ад віна да віны – адзін крок. Па выніках мінулага года ўдзельная вага злачынстваў, здзейсненых асобамі ў стане алкагольнага ап’янення дасягнула 41,5%. А гэта ж амаль палова агульнай колькасці!
Нямала злачынстваў здзейснена і раней асуджанымі грамадзянамі – іх доля складае 39,9%. Гэта таксама немалаважны фактар, які спрыяе пашырэнню злачыннасці.



– Якія меры, на Вашу думку, неабходна прадпрыняць для таго, каб дабіцца зніжэння ўзроўню злачыннасці?
– Што датычыць дзейнасці органаў аховы правапарадку, то мы робім усё магчымае для павышэння эфектыўнасці прафілактычнай работы па прадухіленню злачыннасці. На ўліку ў РАУС знаходзяцца ўсе раней асуджаныя грамадзяне, асобы, схільныя да ўчынення сямейна-бытавых скандалаў, «цяжкія» падлеткі. З гэтымі катэгорыямі насельніцтва пастаянна праводзяцца сустрэчы і гутаркі, рэйды і праверкі па месцу іх жыхарства. Рэгулярнымі сталі і рэйды па выяўленню фактаў самагонаварэння, незаконнага захоўвання наркотыкаў, зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў. Пастаянна працуем мы і з асобамі, якія стаяць на ўліку ў наркалагічным кабінеце цэнтральнай раённай бальніцы.
Не забываем таксама адзінокіх і адзінока пражываючых грамадзян, якія часта становяцца ахвярамі махляроў і рабаўнікоў, растлумачваем ім, як весці сябе з незнаёмымі і падазронымі асобамі.
Што датычыць грамадскасці, то хацелася б большай актыўнасці ў рабоце аглядных і адміністрацыйных камісій, прынцыповасці і непрымірымасці ад кіраўнікоў, ідэалагічных і прафсаюзных работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый пры разглядзе ўчынкаў, звязаных з выпадкамі парушэнняў працоўнай дысцыпліны, ужывання спіртных напіткаў у рабочы час і на рабочым месцы, дробных крадзяжоў, якія не цягнуць крымінальнай адказнасці і інш.
Аднак не толькі карнымі метадамі можна змагацца са злачыннасцю. Людзей, асабліва моладзь і падлеткаў, неабходна заняць карыснай і цікавай справай. Вольны час людзей трэба арганізаваць такім чынам, каб чалавеку было цікава, карысна і захапляюча. Тады і думкі аб спіртным, наркотыках і іншых асацыяльных з’явах знікнуць пад націскам карыснай і цікавай інфармацыі, станоўчых і пазітыўных эмоцый.



Запісаў Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *