Новы імпульс развіцця


Да аварыі на Чарнобыльскай АЭС вёска Стралічава была адной з самых буйных у Хойніцкім раёне – нездарма ж яна трапіла нават у Беларускую Савецкую Энцыклапедыю (10 том БСЭ). На 1 студзеня 1986 года ў Стралічаве пражывала 1733 чалавекі, а ўсё насельніцтва сельскага Савета налічвала 2728 жыхароў.



Аднак атамны выбух 25-гадовай даўнасці істотна памяняў гэтую дэмаграфічную статыстыку. Так, пасля першай хвалі адсялення надыйшла другая, пасля якой у 1987 годзе ў Стралічаве засталося 1484 чалавекі, а жыхароў Савета – 2333. На 1 студзеня бягучага  года ў вёсцы Стралічава налічваецца 891 жыхар, а ўсяго на тэрыторыі Стралічаўскага сельсавета зараз пражывае 988 чалавек.



На сённяшні дзень Стралічава – адзін з самых блізкіх населеных пунктаў да зоны адсялення і адчужэння. Больш таго, чвэрць стагоддзя таму назад рэальна паўстала пытанне аб адсяленні самой вёскі, і сёння многія стралічаўцы па нараджэнню пражываюць у іншых рэгіёнах, гарадах і вёсках Беларусі. З-за значнага скарачэння сельгасугоддзяў (па прычыне радыеактыўнага забруджвання), рэзкага змяншэння пагалоўя жывёлы і адсялення насельніцтва вялікія эканамічныя страты пасля аварыі панесла аднайменная гаспадарка – саўгас «Стралічава». У 1991 годзе была закрыта пабудаваная 22 гады таму назад Стралічаўская сярэдняя школа, якая за гэты час паспела выпусціць 2270 выпускнікоў (з іх 32 вучні атрымалі залатыя медалі, а 36 – сярэбраныя). Надоўга закрыліся дзверы дзіцячага сада.



Аднак на чужыну, у радыяцыйна чыстыя рэгіёны ад’ехалі не ўсе жыхары Стралічава. А ў выніку актывізацыі ў 90-х гадах міграцыйных працэсаў на тэрыторыі былога СССР на пастаяннае жыхарства ў вёску сталі прыбываць цэлыя сем’і з Расіі, Украіны, Кыргызстана, Казахстана, Малдовы.
Людзям, якія засталіся жыць на хаця і забруджанай, але ўсё ж роднай зямлі, патрэбна была работа і адпаведная сацыяльная інфраструктура. Адыйшоўшы ад нанесенага Чарнобылем удару, паступова пачало падымацца сельгаспрадпрыемства «Стралічава», стала расці і колькасць жыхароў Стралічава. І калі дзяцей з часу закрыцця школы спецыяльны аўтобус вазіў у гарадскую СШ № 2, то ў снежні 2003 года Стралічаўская СШ аднавіла сваю работу ў якасці сярэдняй школы-сада. Сёння яна амаль ужо дасягнула колькаснага ўзроўню дачарнобыльскага часу: калі да аварыі тут навучалася каля 200 чалавек, то па стану на 1 красавіка бягучага года тут налічваецца 191 вучань. Для гэтага ў школе створаны ўсе ўмовы: гарачае харчаванне, выдатна аформленыя і аснашчаныя ўсім неабходным кабінеты і класы (у тым ліку 2 камп’ютэрныя), сучасная спартыўная зала, 2 майстэрні. Дзеці рэгулярна выязджаюць на аздараўленне ў здраўніцы нашай краіны і суседняй Расіі.



Адкрыўся ў 2009 годзе і дзіцячы садок, у якім зараз налічваецца 49 выхаванцаў.
Новы імпульс развіцця атрымала вёска з пабудовай у ёй аграгарадка. Гэты статус населены пункт Стралічава атрымаў у 2008 годзе. Папрыгажэлі вуліцы, новы выгляд і новыя магчымасці ў рабоце набылі сельскі Дом культуры (зараз ён называецца цэнтрам вольнага часу), аддзяленне сувязі, кафэ і магазіны, амбулаторыя ўрача агульнай практыкі. Дарэчы, будаўніцтва гэтай медыцынскай установы завяршалася якраз у першыя дні чарнобыльскай аварыі. А сваіх першых пацыентаў амбулаторыя прыняла ў самым пачатку 1987 года.



Сёння яна разлічана на 50 наведванняў у дзень, мае абсталяваныя стаматалагічны, акушэрскі, прышчэпачны і працэдурны кабінеты, аптэчны пункт, па графіку для правядзення флюараграфічных абследаванняў у амбулаторыю прыязджае пульмаэкспрэс. Медыцынскі персанал, у лік якога ўваходзяць урач амбулаторыі Ю.А. Назарчук, медсёстры, фельчары і санітаркі,  абслугоўвае не толькі жыхароў Стралічава, але і навакольных вёсак – Звяняцкае, Паселічы, Лісцвін і іншых.



Развіваецца і эксбаза «Стралічава». На сённяшні дзень тут налічваецца 5338 гектараў сельгасугоддзяў, з якіх 4132 гектары ворыва, 200 гектараў сенакосаў і 795 – пашы. Жывёлагадоўчая галіна прадстаўлена трыма     малочнатаварнымі фермамі і комплексам па адкорму, завяршаецца будаўніцтва яшчэ аднаго сучаснага комплексу на 600 галоў.    
У гаспадарцы зараз працуе 211 чалавек, рэгулярна абнаўляецца тэхнічная база сельгасвытворчасці, што дазваляе значна павысіць эфектыўнасць яе работы.
Цяперашні ўклад жыцця ў аграгарадку нічым не адрозніваецца ад жыцця іншых населеных пунктаў раёна. Людзі выхоўваюць дзяцей, сеюць агароды, трымаюць жывёлу, прадаюць дзяржаве лішкі малака. Старшыня Стралічаўскага сельвыканкама В.М. Бельская расказала аб тым, што на сённяшні дзень жыхары вёскі трымаюць 168 кароў, сярод самых актыўных малаказдатчыкаў назвала прозвішчы Таццяны Міхайлаўны Сянько, Галіны Яўгеньеўны Сакоўскай, Зоі Іванаўны Сігаевай. Прычым гэтыя жанчыны па паказчыках продажу малака ў ліку лепшых не толькі сярод жыхароў Стралічава, але і ўсяго раёна.



А самыя прадпрымальныя жыхары вёскі актыўна асвойваюць цяплічную гаспадарку. Так, Пётр Майсеевіч і Лідзія Мікалаеўна Еўтоцьевы сваю першую цяпліцу паставілі яшчэ ў пачатку 90-х гадоў, калі пераехалі ў Стралічава з Рэпкінскага раёна Чарнігаўскай вобласці Украіны. А зараз, пасля выхаду гаспадароў сядзібы на заслужаны адпачынак, сямейная цяплічная гаспадарка набыла сапраўдны размах. Сёння тут вырошчваюцца практычна ўсе гароднінныя культуры, традыцыйныя для нашага рэгіёна: памідоры, агуркі, капуста, перцы, радыс, рэдзька, зеляніна.



– У нашай сям’і даўно прывыклі да таго, што харчовай прадукцыяй мы забяспечваем сябе самі, – гаворыць Пётр Майсеевіч. – І ў гэтым плане не залежым ад таварнай насычанасці і цэн на рынку і ў магазінах. Няма і праблем са збытам вітаміннай прадукцыі – за гэты час склалася трывалае кола партнёраў, людзі самі прыязджаюць да нас у Стралічава, каб набыць патрэбную ім гародніну.



Увогуле, цяплічная гаспадарка – справа працаёмкая, але выгадная. І нездарма ў цяпліцах Еўтоцьевых з’яўляюцца ўсё новыя і новыя сарты гародніны. А непадалёку ад агароджы пабліскваюць на сонейку пафарбаваныя вуллі – паспяховае развіццё гароднінаводства немагчыма без пасекі.
Усе лёсы апаленых Чарнобылем вёсак па сутнасці падобныя. І адлік жыцця ў іх раздзелены на «да» і «паслячарнобыльскі» час. Аднак у адных з іх пасляаварыйны перыяд так і застаецца некранутай старонкай, а другія імкнуцца выжыць і не даць памерці сваёй малой радзіме. Мяркую, што да апошніх можна з поўным правам аднесці і аграгарадок Стралічава.


 


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *