Заплацілі за самавольства


Неаднаразова ў сродках масавай інфармацыі паведамлялася аб тым, што строга забаронена пранікненне ў зону радыеактыўнага забруджвання. І тым не менш ідуць і едуць сюды аматары палавіць  рыбу, якая непрыгодная для ўжывання, па нейкіх іншых прычынах. Некалькі чалавек затрыманы і сёлета.

 Успомніў пра нейкую сваю маёмасць у адселенай вёсцы Мокіш Андрэй Рыгоравіч Шарык. Без дазволу прабраўся і быў спынены са сваімі рэчамі на КПП в. Бабчын.

 Са Светлагорска трапіў у зону наступнага адсялення (за вёскай Абухаўшчына)  Мікалай Аркадзьевіч Драбышэўскі. Прыехаў парыбачыць. Не паспеў нічога злавіць, а вось штраф у 350 тысяч за сваю прагулку атрымаў.

Такую ж суму давялося згодна з рашэннем суда заплаціць і хайнічаніну Дзмітрыю Віктаравічу Сіляве, якога затрымалі супрацоўнікі аддзялення па ахове зоны радыеактыўнага забруджвання пад вёскай Рудыя. Растлумачыць, навошта прыехаў ён туды на сваім матацыкле, Сілява так і не змог.

Лёгкім спалохам аддзелаўся пакуль што рабочы Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка Алег Уладзіміравіч Дземчанка, які на  аўтамашыне прыехаў на працу, не маючы дазволу для праезду на свой транспартны сродак. Каму-каму, а работніку запаведніка неабходна ведаць, што можна, а чаго нельга.

Таму не лішнім будзе напомніць самавольшчыкам і ўсім жыхарам раёна, што без дазволу пранікненне ў зону радыеактыўнага забруджвання пагражае штрафам ад 10 да 30 базавых велічынь і што ў вясенне-летні перыяд асабліва трэба быць асцярожным з агнём, асабліва ў тых гаспадарках і населеных пунктах, што мяжуюць з зонай.


Г. ВАЛЯВАТЫ, вядучы спецыяліст Адміністрацыі зон адчужэння і адсялення па Хойніцкаму раёну.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *