Да Дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Ішла вайна народная


(Заканчэнне. Пачатак у №№ 26-29)


Рада Драгін знаходзіўся пры штабе партызанскага атрада імя Суворава, а затым я ўзяў яго да сябе ад’ютантам, бо ён валодаў многімі мовамі. Другім ад’ютантам быў беларус Рыгор Кузьменка. У жніўні 1943 года першая рота ішла на баявое заданне. Неабходна было ў раёне Глінная Слабада-Нахаў узарваць чыгуначны мост,  на зваротным шляху замініраваць шашу Рэчыца-Хойнікі, а далей заваліць дарогу бярвеннямі.

На пераездзе Нахаў завязаўся бой з немцамі,  заданне было выканана паспяхова. На шашы Рэчыца-Хойнікі ўзарваліся чатыры нямецкія грузавікі з немцамі. Падышлі свежыя варожыя сілы, пачалі расчышчаць дарогу. Зноў завязаўся бой. У ім загінуў камандзір дыверсійнага ўзвода Фёдар Аляксандравіч Васільеў і мой ад’ютант Рада Драгін. Пахаваны ён быў у вёсцы Рашаў, а затым перазахаваны на гарадскіх могілках у Хойніках. У 1977 годзе прыязджала сястра Драгіна з мужам на магілу брата.

Гайч Драган па прыбыццю ў наш партызанскі атрад быў залічаны ва ўзвод кулямётчыкаў. Былі ў нас кулямёты і венгерскай вытворчасці, а Гайч Драган добра валодаў такой зброяй.

Неяк у атрад прыйшоў здраднік пад выглядам салдата-ўласаўца арміі. Разведаў неабходнае і пайшоў, а на другі дзень нямецкія салдаты акружылі партызанскі лагер, які тады размяшчаўся ва ўрочышчы Плоўе непадалёку ад вёскі Конанаўшчына Брагінскага раёна. У гэты ж час лінейныя роты – партызаны-падрыўнікі, дыверсанты, мінамётчыкі пайшлі на баявое заданне, а ў лагеры засталіся гаспадарчы ўзвод і ахова. У лагеры знаходзіўся і я.

У 15 гадзін на заставе разгарэўся бой, немцы ў 100 метрах ад лагера. Падаю каманду “Агонь!” І адразу ж загаманіў кулямёт  Гайча. Бой працягваўся каля трох гадзін. Чатыры разы гітлераўцы падымаліся ў атаку, але кожны раз з вялікімі стратамі адкатвалі назад. Кулямётчык Гайч Драган, а таксама беларус, мінамётчык Цімафей Гарбачоў абаранілі жыццё многім дзецям, жанчынам, старым, якія ў гэты час знаходзіліся ў лагеры. Партызаны не панеслі страт, у той час як немцы не паспявалі адцягваць сваіх “герояў”.

Мікла Леціч знаходзіўся ў другім узводзе трэцяй роты, якой камандаваў Уладзімір Антонавіч Юшкевіч, а палітруком быў Адам Іванавіч Чэкатоўскі. Калі адступалі варожыя войскі, узвод напаў на штабную аўтамашыну ў раёне вёскі Мікулічы. Разграмілі немцаў, узялі вялікія трафеі і баявы сцяг палка. Камандаваў аперацыяй камандзір узвода Аўрам Гуляй (пасля вайны ён жыў у вёсцы Храпкаў). У тым баі вызначыўся сваёй смеласцю Мікла Леціч.

Імёны многіх за даўнасцю часу дакладна не памятаю. Югаслаўскія таварышы змагаліся таксама адважна, як і беларускія партызаны, разам пераадольвалі цяжкасці і нягоды, перажывалі радасць перамог і горыч страт. Многія з іх загінулі як героі.

Баявыя традыцыі старэйшых пакаленняў з’яўляюцца свяшчэнным здабыткам і крыніцай натхнення моладзі.






 К. Сацура,
былы камандзір партызанскага атрада імя Суворава.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *