З арыентацыяй на экспарт


Зараз у нашай краіне многае робіцца для развіцця малога і сярэдняга бізнесу. На падтрымку дзелавой ініцыятывы і прадпрымальніцкай актыўнасці грамадзян накіраваны многія нарматыўныя акты і дакументы: Дырэктыва Прэзідэнта №4, Закон Рэспублікі Беларусь «Аб падтрымцы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва», Дзяржаўныя праграмы па развіццю малых гарадоў, адраджэння вёскі і іншыя. Вынікам стала паўсюднае адкрыццё ў Беларусі вытворчых прадпрыемстваў прыватнай формы ўласнасці. Так, зараз толькі ў Гомельскай вобласці налічваецца больш за 38 тысяч суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, у тым ліку 8730 юрыдычных асоб і 29937 індывідуальных прадпрымальнікаў. Новае прыватнае прадпрыемства «ПлазаПолІнвест» у мінулым месяцы пачало працаваць і ў нашым горадзе. Аб яго станаўленні і перспектывах развіцця расказвае карэспандэнту «ХН» заснавальнік А. В. БУБЕН.



– Алег Вацлававіч, якім відам дзейнасці будзе займацца ваша прыватнае гандлёва-вытворчае унітарнае прадпрыемства (менавіта так яно пазіцыяніруецца ў заснавальных дакументах) «ПлазаПолІнвест»?
– Наш профіль – дрэва-апрацоўка, выраб пілама-тэрыялаў для рэалізацыі на ўнутраным і знешнім рынку. Пры гэтым прыярытэт будзе надавацца вырабу прадукцыі на экспарт за межы Рэспублікі Беларусь. Пакуль што гэта абразны піламатэрыял для вытворцаў сельгаспрадукцыі, а для садаводаў мы наладзілі выпуск уніфікаваных калочкаў для падвязкі маладых саджанцаў. Ужо пачалі адгружаць першую прадукцыю для фірм з Польшчы.



– Вы жывеце ў Брэсце і чаму менавіта Хойнікі сталі адрасам вашага прыкладання сіл?
– У прыватным бізнесе я ўжо не першы год і вопыт прадпрымальніцтва маю багаты. З хойніцкімі дрэваапрацоўшчыкамі мы кантактавалі раней і напачатку хацелі проста размяшчаць у іх заказы на выраб патрэбнай нам прадукцыі. Аднак потым вырашылі наладзіць уласную вытворчасць.
На прыняцце такога рашэння паўплываў шэраг абставін. Галоўная з іх тая, што ваш райцэнтр мае статус малога горада. А ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай развіцця малых і сярэдніх гарадоў у мэтах стымулявання прыватнага бізнесу ў такіх населеных пунктах прадугледжаны істотныя прэферэнцыі для прадпрымальнікаў. Так, на першыя 5 гадоў яны вызваляюцца ад уплаты падатку на прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі ўласнай вытворчасці. Акрамя таго, пры экспарце ўласнай прадукцыі для прыватных прадпрыемстваў з малых гарадоў льгаціруецца (прасцей кажучы – ім вяртаецца) падатак на дабаўленую вартасць. Ім дазволены бяспошлінны ўвоз імпартнага прамысловага абсталявання для выпуску ўласнай прадукцыі. Нарэшце, не падлягаюць абавязковаму размеркаванню валютныя сродкі, атрыманыя ў выніку рэалізацыі прадукцыі на экспарт. Адным словам, умовы гаспадарання, створаныя для прыватных прадпрыемстваў у малых гарадах, у многім падобныя на такія ж аблегчаныя ўмовы работы ў свабодных эканамічных зонах (СЭЗ), а гэта вельмі прыцягальна для бізнесу. Напрыклад, дзякуючы бязпошліннаму ўвозу, нядаўна мы змаглі набыць і ўстанавіць станок польскай вытворчасці для вырабу па еўрастандарту калочкаў для вінаградных лоз – гэта наш бліжэйшы рэзерв выпуску яшчэ аднаго віду прадукцыі на экспарт.



– Якія яшчэ маюцца вытворчыя магчымасці ў новастворанага прадпрыемства?
– У нас ёсць піларама Р-63, а таксама стужачная  піларама для апрацоўкі неабразной драўніны. На многапільным станку мы ўжо зараз можам канчаткова даводзіць неабразную дошку да стану абразной у адпаведнасці з патрэбнымі стандартамі. У бліжэйшы час плануем запусціць 4-баковы стругальны станок, які выпускае больш якасную, больш запатрабаваную, а значыць і больш дарагую прадукцыю, якая не патрабуе далейшай апрацоўкі, для рэалізацыі яе ў далёкім замежжы. На першы час гэтага хопіць, а ў будучым будзем пашырацца як у тэхналагічным, так і ў кадравым плане. Плануем закупіць свой транспарт (у тым ліку і лесавоз), а таксама набраць больш высокакваліфікаваных спецыялістаў па дрэваапрацоўцы.



–  Як плануеце забяспечваць вытворчасць  сыравінай?
– У нас ёсць дамо-ўленасці на пастаўку лесу з Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведнікам і Кама-рынскім лясгасам.



– Што з вашай прадукцыі можа застацца ў раёне?
– Наш асноўны спажывец, як я ўжо адзначаў – гэта выворцы сельскагаспадарчай прадукцыі. А такіх нямала ў раёне – маю на ўвазе не толькі сельгаспрадпрыемствы, але і сялянскія фермерскія гаспадаркі, прыватныя падвор’і. І зараз мы ўважліва вывучаем гэты мясцовы сегмент рынку збыту.



Гутарыў Віктар НАЗАРАНКА.   


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *