Мележаўцы трымаюць марку

Сельское хозяйство

Назаўтра пасля ліўня, які абрынуўся на наш раён у канцы дня 19 ліпеня, у механізатараў і вадзіцеляў, якія задзейнічаны на ўборцы збожжавых, узнікла незапланаваная даабедзенная перадышка. Вільготнасць пасеваў зашкалівала і таму заставалася толькі дачакацца, калі промні гарачага ліпеньскага сонца падсушаць ніву, а заадно з’явіўся час на тое, каб яшчэ раз прагледзець усе рабочыя вузлы і агрэгаты камбайнаў, больш педантычна ачысціць машыну пад струменем магутнага кампрэсара.



Аднак пасля поўдня ўсе 7 збожжаўборачных камбайнаў сельгаспрадпрыемства імя Мележа ўжо выйшлі ў поле. Асноўныя сілы былі сканцэнтраваны на рапсавым палетку: уборку гэтай культуры ў гаспадарцы плануюць завяршыць у апошнія дні бягучага тыдня, а потым поўнасцю засяродзіцца на збожжавых і зернебабовых.
Праўда, стан пасеваў сёлета не вельмі радуе хлебаробаў і датычыць гэта не толькі азімага рапсу.



– Працяглыя дажджы справакавалі бурны рост пустазелля, – гаворыць галоўны аграном М.М. Бондар, – і зараз што рапс, што збожжавыя забіты шкоднымі раслінамі, змагацца з якімі ўжо проста няма часу.



Тым не менш, жніво ў гаспадарцы набірае абароты. Зараз заканчваецца ўборка азімай пшаніцы, у разгары ўборачныя работы і на іншых азімых культурах – трыцікале і жыта, на чарзе – ячмень і авёс. Калі зноў не перашкодзяць дажджы, то хлебаробы гаспадаркі на мяжы бягучага і наступнага тыдняў перасягнуць экватар уборачнай. Усяго ж, па стану на 22 ліпеня ў сельгаспрадпрыемстве імя Мележа з 1615 гектараў збожжавых і зернебабовых убрана 636 га, а гэта 39 працэнтаў уборачных плошчаў – другі паказчык у раёне. У лідэрах ідуць мележаўцы па валавому намалоту і па абсалютнай колькасці ўбраных гектараў. Іх сярэдні паказчык ураджайнасці (32 цэнтнеры з гектара) лепшы ў раёне. А ў індывідуальным працоўным спаборніцтве на жніве два першыя месцы сярод кабайнераў і першае сярод вадзіцеляў таксама займаюць землякі нашага славутага пісьменніка. Вы бачыце лідэраў раённага спаборніцтва камбайнераў – братоў Васілія Яўгенавіча і Аляксандра Яўгенавіча Кузьменкаў, Сяргей Рыгоравіч Наляговіч і Уладзімір Юліянавіч Харкевіч. Гэты экіпаж ідзе другім у раённым спаборніцтве на жніве.


 


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *