Тэхналогія і парадак як аснова поспеху

Сельское хозяйство

Хто вінаваты і што рабіць? Гэтыя адвечныя пытанні ў галіне сельскай гаспадаркі актуальныя як ніколі. Беспарадак, няма малака вышэйшага гатунку, кадры «бягуць» – хто вінаваты? І што ж у выніку рабіць, каб праблем падобных не было?

Адказы на гэтыя пытанні «шукалі» падчас выязнога пасяджэння райвыканкама. Удзел у ім прынялі кіраўнікі гаспадарак, спецыялісты (ветурачы, заатэхнікі, эканамісты).
Тэма – аб заданнях сельскіх гаспадарак раёна па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі ў зімова-стойлавы перыяд 2019-2020 года. Спачатку частка практычная: наведалі малочнатаварныя фермы ў Клівах і Судкове (КСУП «Судкова»), малочнатаварны комплекс і даільна-малочны блок у Стралічава (КСУП «Эксбаза «Стралічава»).

Нізкімі тэмпамі ідзе падрыхтоўка да зімова-стойлавага перыяду на МТФ «Клівы». Так, адзін з сараяў не выкарыстоўваўся, аднак жа і парадку на ім няма, хаця пабяліць ды пустазелле вакол паўбіраць можна было. Затрат асаблівых на гэта не патрэбна: толькі бяры ды рабі. Заўвагі па наведзенню парадку атрыманы і на МТФ «Судкова»: дзверы на адным з сараяў не адрамантавалі, смецце не вывезена. Колькасць працуючых вялікая ў сельгаспрадпрыемстве, так няўжо няма каму парадак навесці. Даработаць у плане навядзення парадку патрэбна і стралічаўцам. Сітуацыя ў іх не крытычная, аднак заўвагі ёсць.

Здаецца, ну, што ад таго парадку залежыць. А, ведаеце, многае. Як адзначыла першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Жанна Бажок, у першую чаргу любая тэхналогія пачынаецца з банальнага парадку. Калі беспарадак, тады аб якой тэхналогіі, захаванасці жывёлы, атрыманні прывесаў і «вялікага» малака можа ісці размова? Як толькі будзе наведзены парадак на тэрыторыі, так паступова ўсё і пойдзе: работнікі прывыкнуць не рукі склаўшы чакаць зарплату, а працаваць па распарадку, адказваючы за кожны свой крок, за кожнае дзеянне. А то правы ведаюць усе, а пра абавязкі, прапісаныя заканадаўствам, нечаму забываюць.

У сельскай гаспадарцы ўсе тэхналагічныя рэжымы патрэбна выконваць строга, не адыходзячы ў бок. Не падсцялілі, не далі камбікорму, своечасова не выпаілі – і няма выніку, а тое яшчэ і горш. Таму ў чарговы раз усіх зарыентавалі на бездакорнае выкананне службовых абавязкаў, прытрымліванне тэхналогіі.

Пэўны недахоп кадраў адчуваецца ў зоаветэрынарнай службе. Аднак ветурача за адзін дзень не навучыш. Таму сельгасарганізацыям неабходна арыентаваць падрастаючае пакаленне амаль са школы на будучую прафесію, звяртацца ў навучальныя ўстановы, запрашаць да сябе спецыялістаў, ствараць умовы для работы і жыцця, каб яна, моладзь, заставалася ў нашым раёне.

Ды і ветэрынарнай службе належыць больш прафесіянальна ставіцца да сваёй работы: аднаго ветурача хваляць у гаспадарцы, другога – не, чаму так? Значыць, адзін ставіцца да сваіх абавязкаў больш адказна. З другога боку, вінаваціць ва ўсім толькі ветурача – гэта таксама не выхад. Толькі калі спецыялісты гаспадаркі ўсё зрабілі па тэхналогіі (ад кармлення да расцёлу), толькі тады можна сказаць, да, мы зрабілі ўсё, а ветурач не правакцыніраваў.

Нездавальняючую адзнаку «атрымала» эканамічная служба сельгаспрадпрыемстваў. Не ведаць галоўных лічб (надоі, прывесы, фонд зарабатнай платы і г.д.) – дык чым займаецца ў гэтым выпадку эканаміст? Улік і глыбокі аналіз – вось адна з асноўных задач: правільна спрагназаваць, ведаць, дзе што патрабуе першачарговых расходаў, дзе патрэбна эканомія, а дзе жорсткі кантроль.

На пленарным пасяджэнні разгледжана асноўнае пытанне, даведзены планавыя заданні па вытворчасці малака (15576 тон па раёну), надоі на карову (1949 кг.), прадукцыі вырошчвання (1552 тоны). Поспех зімоўкі залежыць ад таго, наколькі якасна падрыхтуюць сельгаспрадпрыемствы памяшканні і колькі нарыхтуюць кармоў, а таксама ад дысцыпліны на месцах і бездакорнага выканання службовых абавязкаў. Разлічваем на станоўчыя вынікі.

Вольга БЕЛАШ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *