Адны вёсцы дапамагаюць,другія абяцаюць


Чарговы дзень сельскага Савета ў мінулую суботу прайшоў на тэрыторыі Паселіцкага сельскага Савета дэпутатаў. На яго былі запрошаны не толькі работнікі сельвыканкамаў раёна, але і начальнікі аддзелаў, упраўленняў райвыканкама, кіраўнікі сельскагаспадарчых і прамысловых прадпрыемстваў, іншых арганізацый. Справаздачу аб рабоце Паселіцкага сельвыканкама і дэпутатаў Савета трымала яго старшыня Л.М. Зелянкоўская, якая расказвала аб зробленым і задумах на будучае ў ходзе наведвання аб’ектаў вытворчасці і сацкультбыту.



Першым з іх стала Карчоўская МТФ ААТ «Хойніцкі Аграсервіс». Гэтая гаспадарка ўстойліва плюсуе да ўзроўню мінулага года па многіх паказчыках работы і ўжо зараз тут прымаюць меры для паспяховай работы ў будучым. У гэтыя дні актыўна вядзецца рэканструкцыя кароўніка для дойнага стада на 150 галоў, завяршаецца ўборка збожжавых культур, хутка пачнецца і ўборка кукурузы. Шчыльнай высокай сцяной стаіць яна на пад’ездзе да той жа Карчоўскай фермы, хаця яшчэ летась зямля гэтая не была ўключана ў севазварот і некалькі год пуставала. Па падліках дырэктара таварыства А.А. Максімовіча, гэтыя 22 гектары кукурузы павінны прынесці аддачу ў 16 мільёнаў рублёў.
Між тым, пустуе зараз зямельны масіў паміж фермай і прысядзібнымі ўчасткамі жыхароў Карчова – тут таксама ў літаральным сэнсе поле дзейнасці як для землеўпарадкавальнай службы раёна, так і для сельвыканкама, на будучы год і гэтая зямля павінна запрацаваць.



– Зямля павінна даваць максімальную  аддачу, – адзначыў старшыня райвыканкама А.В. Бічан, – як ва ўласнасці гаспадарак, так і ў прыватных асоб – фермераў, дачнікаў, жыхароў вёсак. І мы павінны кантраліраваць эфектыўнасць яе выкарыстання – а гэта таксама адна з надзённых задач сельвыканкама.
Дарэчы, і сельгаспрад-прыемству «Веляцін» дадатковую выгаду ў суме 8 мільёнаў рублёў прынесла ўключэнне ў севазварот пуставаўшых раней зямель.



Кантраліравацца павінна не толькі эфектыўнасць карыстання зямельнымі ўчасткамі, але і іх санітарны стан. Часта атрымліваецца, што людзі разводзяць бур’ян літаральна за плотам выдзеленых участкаў, хаця абавязаны ўтрымліваць у належным стане і прылягаючыя тэрыторыі. І тут сельвыканкамам неабходна ў поўнай меры выкарыстоўваць дадзеныя ім паўнамоцтвы. Аб гэтым гаварыў упаўнаважаны вёскі Карчовае А.Д. Камеш, у гасцях у якога таксама пабывалі ўдзельнікі мерапрыемства. А яшчэ Арсеній Дзмітрыевіч папрасіў радыкальна вырашыць пытанне з пакінутымі домаўладаннямі, якія не толькі псуюць выгляд вёскі, але і прыносяць канкрэтную шкоду: пустазелле ад іх навалай распаўзаецца па вуліцы і бліжэйшых агародах.



Дарэчы, і ў гэтых выпадках іншым разам узнікаюць няштатныя    сітуацыі, калі для таго,  каб навесці парадак, уласніка не знойдзеш днём з агнём, а як толькі ўлады прыступаюць да зносу засмечаных руін, адразу з’яўляюцца нашчадкі, прад’яўляюць свае правы на ўчастак.
Прыемныя ўражанні пакінулі патанаючыя ў кветках тэрыторыі Паселіцкага і Веляцінскага ФАПаў. Па ўсяму бачна, што і работа з насельніцтвам тут таксама пастаўлена на належным узроўні.



Праводзіцца работа  па выяўленню хворых на туберкулёз – у Карчовым адзін з жыхароў прайшоў курс лячэння і зараз прыступіў да работы, а вось жыхара Паселіч вымушаны лячыць прымусова. Гэтая праблема з’яўляецца актуальнай для нашага раёна і мы пакуль што па-ранейшаму перавышаем сярэднеабласны паказчык захворваемасці.
Не ўзнікла пытанняў да стану Паселіцкай СШ-сада, магазінаў у Карчовым, Паселічах і Велеціне. Апошняя з названых гандлёвых кропак, значна абноўленая, прычым уласнымі сіламі, уразіла лічбамі тавараабароту: 300 мільёнаў за першае паўгоддзе 2011 г. – вынік дастойны і для гарадскіх магазінаў. А вось суседні аб’ект райпо – Веляцінская сталовая працуе толькі ў цёплы час года і ў пратакол даручэнняў, выпрацаваны па выніках Дня сельскага Савета, уключаны пункт аб аднаўленні сістэмы ацяплення ўжо да бліжэйшага асенне-зімовага перыяду. Дырэктар КСУП «Веляцін» Р.А. Гардзейчык паабяцаў укласціся ў тэрмін.



У цэлым стан добраўпарадкавання на тэрыторыі Паселіцкага сельсавета асаблівых пытанняў не выклікаў. Як паведаміла яго старшыня Л.М. Зелянкоўская, у многім гэта вынік дапамогі шэфаў – прамысловых прадпрыемстваў і арганізацый горада. Асабліва ўдзячны работнікі сельвыканкама ДЭУ-155, Хойніцкаму леспрамгасу і раённаму аддзяленню Дэпартамента «Ахова». Усяго за Паселіцкім сельскім Саветам адпаведным рашэннем райвыканкама замацавана 8 працоўных калектываў горада – дапамога пяці астатніх пакуль, як кажуць, у праекце. Адным словам, атрымліваецца як у прымаўцы: адны дапамагаюць, а другія абяцаюць.



Віктар НАЗАРАНКА.  


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *