Дзе рукі і ахвота, там вялікая работа


У адным з кабінетаў рэдакцыі раённай газеты прагучаў званок – тэлефанавала ўсхваляваная ад радасці жанчына, як аказалася пазней, суседка кветкаводаў-аматараў, якая спяшалася паведаміць добрую навіну: у сям’і Ладыгіных незвычайна шчодра і ярка зацвіў кактус. На калючым «слупку» адначасова распусціліся 15 бела-ружовых бутонаў на доўгіх элегантных «ножках».



Карэспандэнт «ХН», не раздумваючы, адправіўся па ўказаным адрасе – вул. Садовая, 3/1, райцэнтра. Відовішча і сапраўды аказалася дастойным увагі. Калючая расліна ператварылася ў неверагодна прыгожы букет і распаўсюджвала ледзьве ўлоўны водар.
Так кактус шчодра аддзякаваў свайму гаспадару А.А. Ладыгіну за клопат і догляд.



Аляксандр Анатольевіч працуе галоўным інжынерам на заводзе жалезабетонных вырабаў, кактусамі захапляецца амаль пятнаццаць гадоў. Яго калючая аранжарэя сёння налічвае больш за трыццаць раслін. Сярод іх ёсць шмат рэдкіх відаў, якія аматар заказваў па пошце.
У той дзень, 28 ліпеня, калі зацвіў кактус, амаль усе жыхары Садовай, ідучы раніцай на працу і ўбачыўшы з вуліцы ў двары іх дома такое хараство, заходзілі да Ладыгіных, каб палюбавацца раслінай.



Наогул жыхароў гэтага дома ведаюць як вельмі працавітых людзей, стваральнікаў утульнасці і прыгажосці. Цешча Аляксандра – Ганна Сямёнаўна Сацура усё жыццё захапляецца кветкамі. Зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку, вольнага часу для заняткаў любімай справай у яе многа. Вось і разлілося вакол дома рознакаляровае кветкавае мора, хвалі якога плаўна гайдае цёплы летні ветрык. І, здаецца, няма яму канца-краю…



Праўду кажуць, дзе рукі і ахвота, там вялікая работа. Работа, якая дае добры вынік, – на радасць сабе і людзям.



Наталля ЧЭКАН.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *