Самавольства не павінна быць


Шматкватэрны жылы дом па вул. Лермантава, 22, горада ўзводзіўся для жыхароў радыеактыўна забруджаных сельскіх населеных пунктаў нашага раёна. У асноўным перасяленцы – людзі пенсійнага ўзросту, якія не ўяўляюць сваё жыццё без працы на зямлі. У 1994 годзе, калі яшчэ існаваў гарвыканком, яны атрымалі дазвол на распрацоўку пустыра каля дома. Кожны жадаючы займеў невялікі ўчастак памерам прыблізна ў адну сотку, дзе вырошчвае клубніцы, цыбулю, часнок, востраводарныя травы, кветкі і інш.

Але справа ў тым, што гэтыя землі не прызначаны для вядзення агародніцтва. Ды і не паўсюдна захоўваецца тут парадак. Упаўнаважанымі ад райвыканкома быў праведзены сход з жыхарамі наконт гэтага. Людзям прапанавалі ўчасткі забраць, перадыскаваць, засеяць травой, а ўзамен прадаставіць зямлю паблізу горада. Грамадзяне катэгарычна адмаўляюцца, матывуючы тым, што па ўзросту не могуць туды дабірацца. Абяцалі, што будуць утрымліваць свае градкі ў належным стане. Між тым, ім было паведамлена, што ў летне-асенні перыяд сёлета тут плануецца пракладка каналізацыйнага калектара і магчыма пашкоджанне ўчасткаў.

Самавольна выкарыстоўвалася каля 70 сотак зямлі ў “старых” Хойніках, на перасячэнні вуліц Чырвонаармейскай і Калгаснай. Тут таксама з людзьмі праведзены гутаркі, яны папярэджаны, што на гэтай плошчы плануецца будаўніцтва двух жылых дамоў прысядзібнага тыпу. Пачнецца будаўніцтва дома для мнагадзетнай сям’і і на самавольна выкарыстоўваемым жыхарамі  ўчастку па вуліцы Калініна, на месцы былога масласырзавода.

У нашым горадзе маюцца ўчасткі, прызначаныя менавіта пад агародніцтва – у раёне былога аэрадрома і па вул. Берагавога. Каб атрымаць тут зямлю, неабходна звярнуцца ў землеўпарадкавальную службу райвыканкома. Можна атрымаць участак да 10 сотак на бясплатнай аснове.


А. МАЛІНОЎСКІ, начальнік землеўпарадкавальнай і геадэзічнай службы Хойніцкага раёна.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *