Шчаслівая сямёрка і падарункі ад раёнкі


На гэтым тыдні прайшоў доўгачаканы розыгрыш прызоў сярод падпісчыкаў раённай газеты на першае паўгоддзе. Сёлета колькасць жадаючых праверыць спадарыню Фартуну дасягнула рэкорда. Усяго 123 жыхары нашага раёна перадалі ў рэдакцыю свае квітанцыі, і кожнаму з іх мы шчыра жадалі атрымаць адзін з падарункаў.
Варта адзначыць, што самымі актыўнымі сярод працоўных калектываў сталі работнікі запаведніка і райаддзела ўнутраных спраў.
Розыгрыш прызоў адбыўся на гарадской плошчы Леніна каля галоўнага сімвала свята – навагодняй ёлачкі-прыгажуні. Напярэдадні ўсе сабраныя для гульні квітанцыі былі пранумараваны, а лічбы, якія адпавядаюць прозвішчу ўдзельніка ў створаным спісе, ставіліся на падпісны квіток і дубліраваліся асобна.
Штогод калектыў рэдакцыі праводзіць розыгрыш прызоў сярод падпісчыкаў такім спосабам, каб зрабіць гэту гульню максімальна аб’ектыўнай і справядлівай, наколькі гэта магчыма ў латэрэі. Нашы пастаянныя чытачы памятаюць, як мы запрашалі ўсіх жадаючых у рэдакцыі і ў іх прысутнасці разыгрывалі падарункі. Праводзілі розыгрыш з удзелам намесніка старшыні райвыканкама Ж.М. Чарняўскай, а яшчэ адну з латэрэй арганізавалі непасрэдна ў райвыканкаме, там нумары пераможцаў выцягвалі ўдзельнікі прэзідыума чарговай нарады.
Каму ж сёлета ўсміхнуўся поспех? На гэта пытанне нам дапамагалі адказаць хайнічане, якія па волі выпадку апынуліся паблізу ад розыгрышу. Журналісты прапанавалі прахожым дапамагчы разыграць прызы. Людзі даставалі нумаркі са спецыяльнай скарбонкі і называлі шчаслівую лічбу.
Відэа розыгрышу зараз маецца ў доступе ў інтэрнеце. Паглядзець, як праходзіла гэта мерапрыемства, можна ў сацыяльных сетках «Вконтакте» і «Одноклассники» на афіцыйных старонках раённай газеты «Хойніцкія навіны».
У конкурсе разыгрывалі 7 прызоў, пачынаючы ад неад’емнага атрыбута журналіста – запісной кнігі, да галоўнага прыза – блэндара. Гэтыя падарункі чакаюць сваіх уладальнікаў ў рэдакцыі.
Яшчэ раз дзякуем усім тым, хто прадоўжыў сваё сяброўства з раённай газетай і прыняў удзел у розыгрышы. Жадаем вам і надалей поспехаў!

Пераможцамі сталі:
Невядомскі А.В. — запісная кніжка,
Крывенчык С.В. — салодкі прыз,
Рабянок А.М. — кашпо,
Кулакоўскі А.П. — парасон,
Варабей С.І. — форма для запякання,
Жураўскі Р.П. — сярвіз,
Талюк С.П. — пагружны блэндар.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара і Алены СМУСЯНОК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *