Чарнобыль у маім лёсе


З цягам часу хвалюючыя падзеі 1986 года не забываюцца, а, наадварот, з надыходам чарговай сумнай даты ўспаміны аб іх усплываюць з асаблівай вастрынёй.

На той час я працавала інспектарам аддзела адукацыі райвыканкома. І, напэўна, на яго супрацоўнікаў былі ўскладзены самыя галоўныя задачы па арганізацыі вывазу дзяцей у экалагічна чыстыя месцы Беларусі. Назаўсёды застанецца ў маёй памяці карціна: ад’язджаючыя калонамі аўтобусы, з якіх дзеці развітваюцца са сваімі бацькамі. Тады яшчэ ніхто не ведаў, на які час яны не будуць разам.

Потым атрымалі заданне:  тэрмінова перавезці школьныя дакументы, а таксама ўсё каштоўнае  ў аддзел адукацыі з выселеных вёсак. Была створана група людзей, якія дакладна ведалі свае абавязкі. На ўсіх былі выпісаны пропускі для праезду ў зону. Больш за два тыдні працавалі мы там, у апусцелых школьных памяшканнях.

Затым была не адна камандзіроўка ў месцы адпачынку дзяцей з мэтай даведацца, якім чынам наладжаны іх аздараўленчы быт.

Неабходна аддаць належнае нашым педагогам, якія рабілі ўсё магчымае, каб абстрагаваць дзяцей ад склаўшайся сітуацыі. У лагерах адпачынку праводзілася многа культурна-масавых мерапрыемстваў, былі створаны самыя спрыяльныя ўмовы для жыцця. Але нягледзячы на гэта ў вачах хлопчыкаў і дзяўчынак бачыліся насцярожанасць і сум.

За актыўны ўдзел у гэтай рабоце я была ўзнагароджана Ганаровай граматай райвыканкома і прадставілася магчымасць на атрыманне легкавой аўтамашыны па-за чаргой.

Прайшоў час. Многае змянілася. Па доўгу сваіх абавязкаў, працуючы дырэктарам музея “Трагедыя Чарнобыля”, сустракаюся з людзьмі, якія працавалі на ЧАЭС, з тымі, хто першы ўступіў у бой з разбуральным пякельным агнём, хто прымаў самы актыўны ўдзел у ліквідацыі вынікаў катастрофы, хто на сабе адчуў пачуццё страты сваёй малой радзімы. Успаміны гэтых людзей – самыя каштоўныя экспанаты музея, якіх налічваецца зараз больш за дзве тысячы.

Працуе пяць выставачных пакояў. Формы працы з наведвальнікамі самыя разнастайныя: экскурсіі, вусныя тэматычныя часопісы, прагляд фільмаў, сустрэчы з перасяленцамі і ліквідатарамі катастрофы на ЧАЭС.

За два гады, што музей працуе, яго наведвальнікамі сталі жыхары раёна, школьнікі, студэнты сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў Беларусі, госці з бліжняга і дальняга замежжа.

Усе яны мелі цудоўную магчымасць пасрэднасцю экспанатаў музея датыкнуцца да чарнобыльскіх падзеяй, якія для новых пакаленняў становяцца ўжо гісторыяй.


В. ЗЕЛЯНКОЎСКАЯ, дырэктар музея “Трагедыя Чарнобыля”.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *