Шкадаваць не давядзецца

Спорт

Заняткі фізічнай культурай і спортам – не толькі сродак фізічнай загартоўкі падрастаючага пакалення. Яны абмяжоўваюць нашых дзяцей ад дрэннага ўплыву вуліцы, выдатна дапамагаюць і ў станаўленні характару маладой асобы, выхоўваючы ў юнакоў і дзяўчат настойлівасць, мэтанакіраванасць, уменне дастойна пераадольваць узнікаючыя цяжкасці.



Усе магчымасці для рэгулярных і плённых трэніровак мае зараз Хойніцкая спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву – адна са старэйшых у вобласці ўстаноў такога тыпу, са сцен якой выйшла нямала вядомых у нашай краіне і за яе межамі спартсменаў.
Аб гісторыі і сённяшнім жыцці школы расказвае яе дырэктар Уладзімір Мікалаевіч БОРДАК.



Сваю работу дзіцяча-юнацкая спартыўная школа пачала яшчэ ў пачатку 70-х гадоў. Яе трэнеры па лёгкай і цяжкай атлетыцы, барацьбе дзюдо і самба, валейболу і баскетболу працавалі на базе гарадскіх агульнаадукацыйных школ. У 1987 годзе ў ДЮСШ з’явіліся свае адміністрацыйныя і трэніровачныя памяшканні, а ў 2003 годзе за высокія спартыўныя дасягненні яна атрымала статус спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву.



За час свайго існавання  СДЮШАР перадала ў вышэйшае звяно для далейшага ўдасканальвання спартыўнага майстэрства 65 атлетаў, падрыхтавала 3 майстры спорту міжнароднага класа, 30 майстроў спорту Рэспублікі Беларусь, мноства кандыдатаў у майстры спорту і спартсменаў-разраднікаў, на рахунку якіх нямала перамог і рэкордаў у спорце высокіх дасягненняў. Свой шлях у вялікі спорт пад кіраўніцтвам нашых трэнераў пачыналі ўдзельнік Алімпіяды-80 у Маскве, неаднаразовы пераможца лёгкаатлетычных матчаў СССР – ЗША, прызёр чэмпіянатаў Еўропы і чэмпіён СССР у бегу на 3000 метраў Аляксандр Варабей, прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы, удзельнік Алімпіяд у Сіднеі і Афінах, 11-разовы чэмпіён Рэспублікі Беларусь па барацьбе дзюдо і самба Сяргей Кухарэнка, чэмпіёны Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы Мікалай Краўчанка (бег на 1500 м), Мікалай Талецкі (400 м з бар’ерамі) і Аляксандр Тарасенка (спартыўная хадзьба на 10 км), чэмпіён Еўропы сярод юніёраў, неаднаразовы прызёр дарослых чэмпіянатаў Еўропы і свету па цяжкай атлетыцы Алег Лобан, прызёры чэмпіянатаў свету і Еўропы па цяжкай атлетыцы Валерый Сізянок, Віктар Саракалетаў і Інэса Палуянава, двухразовая чэмпіёнка Еўропы (сярод юніёраў і дарослых) па веславанню на байдарцы-адзіночцы Вольга Худзенка, лепшы трэнер па футболу Рэспублікі Беларусь трох апошніх гадоў, галоўны трэнер барысаўскага футбольнага клуба БАТЭ Віктар Ганчарэнка.



І сёння выхаванцы нашай школы ўваходзяць у нацыянальныя зборныя Рэспублікі Беларусь па лёгкай і цяжкай атлетыцы, дзюдо, веславанню на байдарках і каноэ.
Спартыўную базу СДЮШАР складаюць спецыялізаваная зала цяжкай атлетыкі (СШ № 3), дзве залы барацьбы (па вул. Лермантава, 1, і ў гімназіі) і трэнажорная зала (гімназія). Усяго ў школе спартыўную падрыхтоўку зараз праходзяць 462 навучэнцы ў 32 групах пачатковай падрыхтоўкі і 16 вучэбна-трэніровачных групах, залічаных у адпаведнасці з кантрольна-пераводнымі нарматывамі і паказанымі спартыўнымі вынікамі. Школа працуе па такіх відах спорту, як цяжкая атлетыка, барацьба дзюдо і самба, футбол, лёгкая атлетыка. СДЮШАР мае свае аддзяленні ў Стралічаўскай, Паселіцкай і Судкоўскай сярэдніх школах. Мінімальны ўзрост для залічэння на аддзяленне цяжкай атлетыкі – 10 (хлопчыкі) і 13 гадоў (дзяўчаты), барацьба дзюдо і самба – 10 гадоў, футбол – 6, лёгкая атлетыка – 9 гадоў.



Абавязковы папярэдні медыцынскі кантроль у групах пачатковай падрыхтоўкі праводзіцца у Хойніцкай раённай бальніцы. Два разы ў год навучэнцы нашых вучэбна-трэніровачных груп праходзяць паглыблены медыцынскі кантроль у дыспансеры спартыўнай медыцыны ў Гомелі. Усе навучэнцы школы штогод праходзяць аздараўленне з трэнерамі СДЮШАР.



Трэнерска-выкладчыцкі састаў СДЮШАР складаюць 13 чалавек з вышэйшай і незакончанай вышэйшай спецыяльнай адукацыяй і адпаведнымі кваліфікацыйнымі катэгорыямі. Нашы трэнеры асабістым прыкладам спрыяюць прапагандзе здаровага ладу жыцця, папулярызацыі нацыянальных відаў спорту. Так, у мінулым годзе трэнер-выкладчык па барацьбе дзюдо і самба Алег Маратавіч Лук’яненка ў складзе зборнай         каманды Рэспублікі Беларусь заняў другое месца на чэмпіянаце свету па барацьбе на паясах (корэш), які праводзіўся ў сталіцы Татарстана – Казані.



Спартыўна-масавая работа ажыццяўляецца ў адпаведнасці з календаром мерапрыемстваў. Навучэнцы школы рэгулярна прымаюць удзел у абласных, рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах па розных узроставых групах. На базе нашай СДЮШАР атрымалі пастаянную прапіску першынствы школы па ўсіх відах спорту, а таксама традыцыйны штогадовы турнір па дзюдо на прызы Сяргея Кухарэнкі з удзелам праслаўленага спартсмена.
Калі вы жадаеце, каб вашы дзеці раслі дужымі і здаровымі, з самых юных гадоў вучыліся цярпенню, настойлівасці і мужнасці – прыводзьце іх у нашы групы, у адпаведнасці з іх спартыўнымі інтарэсамі. Упэўнены ў тым, што ні вам, ні ім самім не давядзецца шкадаваць аб зробленым выбары.



Запісаў Віктар НАЗАРАНКА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *