Патрабуе памяць


Гады фашысцкай акупацыі сталі суровым выпрабаваннем для нашага народа. Сотні спаленых вёсак, разруйнаваная эканоміка, голад і холад, штодзённыя аблавы, арышты і расстрэлы мірных жыхароў. Незадоўга да вызвалення раёна, летам 1943 года, лёс беларускай Хатыні мог напаткаць і наш Небытаў. Раніцай 3 чэрвеня ў вёску ўвайшоў карны атрад, які меў загад спаліць яе разам з жыхарамі. Людзей сагналі ў будынкі школы і магазіна, вокны закалацілі дошкамі, і толькі званок з Жытоміра адмяніў гэтае злачыннае распараджэнне і дазволіў выратаваць жыхароў Небытава.



Мы сустрэліся з жывымі сведкамі тых драматычных падзей – бацькамі вядомай беларускай паэтэсы Алы Канапелька – Іванам Фёдаравічам і Соф’яй Аляксандраўнай. У той час яны былі яшчэ падлеткамі, але іх памяць чэпка захоўвае сёння, і, напэўна, ужо да апошняга дня будзе захоўваць усё, што тады адбылося. Гадзіны, праведзеныя ў намертва закалочанай школе, у чаканні лютай смерці, сталі для іх векапомным і самым трагічным успамінам.



Гэтыя людзі пражылі няпростае, напоўненае паўсядзённай і напружанай працай жыццё. Іван Фёдаравіч пасля вайны працаваў на данбаскіх шахтах у Горлаўцы, а пасля таго, як яго і яшчэ некалькіх гарнякоў заваліла ў забоі і толькі цудам удалося выратавацца, вырашыў вярнуцца ў Беларусь. Жыў у Небытаве, а працаваў у Хойніках ахоўнікам у ашчадкасе. Да месца работы і дамоў дабіраўся на веласіпедзе – адзіным на той час транспартным сродку, які мог сабе дазволіць сельскі жыхар і які бярог як зрэнку вока. Здаралася і так, што блудзіў у лютую завіруху, калі ў двух кроках не было нічога відаць навокал. Але ніводнага рабочага дня не прапусціў Іван Канапелька і паціху дапрацаваў да пенсіі. А пасля выхаду на заслужаны адпачынак таксама не ўседзеў дома і яшчэ 6 гадоў цяслярыў у калгасе «Хойніцкае».  



І сёння, нягледзячы на 83-гадовы ўзрост, кожны дзень праводзіць ён на прысядзібнай гаспадарцы, і цяжка застаць ветэрана, як дарэчы, і яго жонку Соф’ю Аляксандраўну, свабоднымі ад работы і гаспадарчых клопатаў.



А падзеі лета 1943 года не сціраюцца і нават не цьмянеюць у яго памяці. Гаворыць І.Ф. Канапелька:
– На вайне розныя сустракаліся людзі і сярод нашых, і сярод немцаў. Так было, што і ўласаўцы, і паліцаі лютавалі не менш, а магчыма і больш за гітлераўцаў – дастаткова прачытаць кнігу А. Адамовіча «Карнікі». А вось у тым, што мы тады засталіся ў жывых, цалкам заслуга нямецкага каменданта з дзіўным прозвішчам Нікелеў, а таксама старасты вёскі – нашага аднафамільца – Адама Канапелькі. Тройчы ездзілі яны ў Хойнікі і тэлеграфавалі ў Жытомір, і толькі на трэці раз дабіліся адмены прыгавору цэлай вёсцы. Што ўсе мы перажылі тады – не перадаць словамі!



У тыя дні ў памяць аб гэтых трагічных падзеях былі пастаўлены два драўляныя крыжы – адзін на ўездзе ў вёску (зараз там будынак пошты), а другі – каля школы. З цягам часу захаваўся толькі адзін – той, што быў на ўездзе. Яго ў гады ваяўнічага савецкага атэізму па загаду ўлад спачатку выкапалі, а потым адвезлі ў лес. Толькі небытоўцы адшукалі яго і ўстанавілі ўжо на могілках, дзе ён стаяў да апошніх часоў. Кожны год сустракаліся потым на Ушэсце каля памятнага крыжа выжыўшыя ў той незабыўны дзень вяскоўцы. Потым гэтую традыцыю перанялі іх дзеці, якія таксама прыходзілі на гэтае месца штогод 3 чэрвеня.  



Сёння нямногія жыхары вёскі нават сярэдняга ўзросту, не кажучы ўжо пра маладых, ведаюць гісторыю ўратавання землякоў. І таму Іван Фёдаравіч і Соф’я Аляксандраўна ў адзін голас просяць аднавіць той крыж у знак памяці аб выратаванні іх саміх і аднавяскоўцаў. Думаецца, што гэтая прапанова вартая падтрымкі і разумення. Гэтага патрабуюць і наша гісторыя, і наша памяць.



Падрыхтаваў Віктар НАЗАРАНКА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *