Як прайсці тэхагляд?


Працэдура праходжання тэхагляду для транспартных сродкаў даволі хуткая, калі вадзіцелі загадзя ведаюць, якія патрэбна мець пры сабе дакументы і якіх правіл неабходна прытрымлівацца. У нас у раёне тэхагляд праводзяць па адрасу: г. Хойнікі, вул. Лермантава, 5, дыягнастычная станцыя № 225 філіяла № 14 ААТ «Гомельаблаўтатранс». 

Генадзій Іванавіч Дашук, начальнік дыягнастычнай станцыі, паведаміў пра аспекты праходжання тэхагляду.

– Дзяржтэхагляд праводзіцца незалежна ад месца дзяржрэгістрацыі транспартных сродкаў. На дыягнастычную станцыю транспартны сродак прадастаўляецца ў чыстым выглядзе; патрэбна прад’явіць вадзіцельскае пасведчанне з талонам да яго, сведчанне аб рэгістрацыі транспарту – тэхнічны пашпарт; дакумент, які пацвярджае ўнясенне платы за правядзенне тэхагляду (сумы: легкавы аўтамабіль (бензін) – 21 руб. 50 кап.; легкавы аўтамабіль на дызельным паліве – 22 руб. 10 кап.; матацыкл – 11 руб. 10 кап.; мапед – 8 руб. 80 кап.).

Пры праходжанні тэхагляду неабходна мець медыцынскую аптэчку (12 найменняў), вогнетушыцель згодна з беларускай сертыфікацыяй, знак аварыйнага прыпынку.

Неабходна мець дзеючы дагавор страхавання аўтамабіля, сапраўдную медыцынскую даведку, дакументы на газавае абсталяванне (калі ўстаноўлена). Трэба аплаціць дзяржпошліну за ўдзел транспартнага сродку ў дарожным руху: за легкавы аўтамабіль – для фізічных асоб ад 3 да 11 б.в., грузавы аўтамабіль – 8-22 б.в.; матацыкл – 2 б.в. Зрабіць гэта трэба загадзя ў аддзяленні паштовай сувязі, ці ў любым банкаўскім аддзяленні, або праз сістэму «Разлік».

Атрыманы дазвол на допуск транспарту да ўдзелу ў дарожным руху размяшчаецца ў правым ніжнім вуглу ветравога шкла; дазвол для прычэпа, квадрацыкла, мапеда, матацыкла захоўваецца ва ўладальніка.
З пачатку 2018 года адзнака аб праходжанні тэхагляду пераносіцца пры ўнясенні змяненняў у сведчанне аб рэгістрацыі транспартных сродкаў (тэхпашпарт), пры выдачы дубліката сведчання аб рэгістрацыі транспартнага сродку, а таксама пры выдачы новага дакумента (сертыфіката) аб праходжанні дзяржтэхагляду. Гэта працэдура ажыццяўляецца на бясплатнай аснове.

Адзнака пераносіцца і пры дзяржрэгістрацыі новым уласнікам у перыяд дзеяння дазволу на допуск транспартных сродкаў да ўдзелу ў дарожным руху. Кошт паслугі 8 руб. 58 кап.

У мінулым годзе ў нас у раёне тэхагляд прайшлі 3576 транспартных сродкаў, гэта крыху больш у параўнанні з 2016 годам – 3490. З іх паўторна прайшоў тэхагляд у 2016 годзе 601 транспартны сродак, у 2017-м іх колькасць павялічылася да 640.

Запісала Вікторыя МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *