Стаўка — на супрацоўніцтва


А пачыналася ўсё некалі з арганізацыі аздараўлення маленькіх хайнічан у італьянскіх сем’ях, аказання ўстановам адукацыі, культуры нашага раёна дабрачыннай дапамогі. У ходзе штогадовых прыездаў у наш горад, знаёмства з гасціннымі, добразычлівымі людзьмі, умовамі  жыццядзейнасці, улічваючы ўзаемную зацікаўленасць, наспела неабходнасць з часам пашыраць і паглыбляць сувязі, каб пераняць вопыт  работы ў розных галінах.

З гэтай мэтай  24 красавіка (у Дзень вызвалення Італіі ад фашысцкага іга) у раённым выканаўчым камітэце кіраўнік раёна А.В. Бічан і намеснік мэра горада Касшына Італіі  Стэфано Феррыні (на здымку) падпісалі Пагадненне аб гандлёва-эканамічным, тэхнічным і культурным супрацоўніцтве. Адказныя асобы, абмяняўшыся памятнымі сувенірамі, павіншавалі адзін аднаго з дасягнутай дамоўленасцю аб тым, што ў межах сваіх паўнамоцтваў будуць садзейнічаць рэалізацыі кантрактаў паміж арганізацыямі і прадпрыемствамі ўсіх форм уласнасці, аб пастаўцы сыравіны, харчавання, прадукцыі вытворча-тэхнічнага назначэння, тавараў народнага спажывання і прадастаўленні паслуг. Акрамя таго, плануецца развіваць сумесную дзейнасць прадпрымальніцкіх структур, уключаючы заахвочванне, падтрымку і абарону інвестыцый, арганізацыю новых рабочых месц.

У ходзе насычанай праграмы знаходжання на Хойнікшчыне італьянцы наведалі завод гідраапаратуры, дзе выступілі з прапановай прыняць да сябе на стажыроўку спецыялістаў для абучэння вытворчасці фільтраў для ачысткі вады. Пабывалі на фабрыцы мастацкіх вырабаў, дзе атрымалі падарункі – венічкі-абярэгі дома з саломкі, прадэгусціравалі прадукцыю “Палескіх сыроў”, парадаваліся за выхаванцаў дзіцячага ансамбля “Верасок”, паездка якога плануецца ў Італію ў чэрвені сёлета. Пакроўская царква, аб’екты аграгарадкоў, Барысаўшчанскі сядзібны комплекс ХІХ стагоддзя, выселеныя вёскі Бабчын, Краснаселле  не засталіся па-за ўвагай італьянскай дэлегацыі. Арганізаваны былі сустрэчы з педагогамі раёна, сем’ямі, дзеці з якіх аздараўліваюцца ў Італіі.


Ірына ВАСІЛЬЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *