Душа, адкрытая людзям


Ніну Ульянаўну Алейнік  у нашым раёне ведаюць многія – і па роду яе былой работы, і па шматлікіх канцэртах мастацкай самадзейнасці, абавязковай удзельніцай якіх яна з’яўляецца яшчэ і зараз, і па яе актыўнай жыццёвай пазіцыі.



Так склаўся лёс, што ўсё жыццё гэтай жанчыны было непарыўна звязана з Паселіцкім сельскім Саветам. Пачнём з таго, што яго дэпутатам Ніна Ульянаўна выбіралася з 1969 па 2002 год. У 60-х гадах пасля заканчэння Гомельскага музычна-педагагічнага вучы-лішча (па класу баяна) сваю працоўную дзейнасць яна пачынала настаўніцай спеваў Звеняцкоўскай 8-гадовай школы. Потым у 1971 годзе завочна скончыла гістарычны факультэт Белдзяржуніверсітэта і доўгі час узначальвала педагагічны калектыў школы, а пасля яе закрыцця, з 1991 па 2002 год працавала старшынёй Паселіцкага сельвыканкама. 



Ніна Ульянаўна нарадзілася ў Звяняцкім і была апошнім, чатырнаццатым па ліку дзіцём у вялікай сялянскай сям’і. Так што з патрэбамі і праблемамі сельскіх жыхароў яна знаёмая з самага ранняга дзяцінства: агарод, хатняя жывёла, запасы кармоў для яе і дроў на зіму – усе гэтыя няхітрыя клопаты   заўсёды ўласцівы жыхарам  сельскіх населеных пунктаў.
Па меры магчымасцей, выкарыстоўваючы і свае дэпутацкія паўнамоцтвы, і правы сакратара сельвыканкама, заўсёды імкнулася дапамагчы людзям. Прычым дом яе заўсёды быў адкрытым для аднавяскоўцаў – звярнуцца за дапамогай да Ніны Ульянаўны людзі маглі і золкай раніцай, і цёмным вечарам, пасля работы. Дарэчы, такая сувязь з людзьмі не парываецца і зараз – па-ранейшаму не адмаўляе яна:  каму з дровамі дапамагчы, каму са здачай малака, каму пенсіённыя праблемы вырашыць – ці мала ў людзей пытанняў? Толькі цяпер у вырашэнні іх жыццёвых праблем ёй дапамагаюць вялізныя аўтарытэт і павага – менавіта так сустракаюць сёння Ніну Ульянаўну ў раённых арганізацыях і інстанцыях.



А яшчэ папрасіла яна разабрацца: навошта з такой помпай і расходам матэрыялаў будавалі камунальнікі ў лістападзе мінулага года ў Звяняцкім артэзіянскі калодзеж, які пасля заканчэння будаўніцтва так ніводнага дня і не працаваў? Адрасуем гэтае пытанне кіраўніцтву КЖУП «Хойніцкі камунальнік» і разам з жыхарамі вёскі чакаем адказу на яго.
Звеняцкоўскую пярвічку ветэранскай арганізацыі Паселіцкага сельсавета Н.У. Алейнік узначаліла ў 2008 годзе. У працэсе яе дзейнасці спачатку збіраліся ў вясковай бібліятэцы, у якой Ніна Ульянаўна, ужо будучы на пенсіі, працавала да красавіка 2010 года. Зараз жа, напэўна, адзіным месцам, дзе сустракаюцца аднавяскоўцы, застаецца толькі Звеняцкоўскі фельчарска-акушэрскі пункт – усе астатнія ўстановы сацыяльнай інфраструктуры тут зараз зачынены. А для сустрэч з ветэранамі выкарыстоўвае Ніна Ульянаўна і прыезд аўтамагазіна – каля яго, два разы на тыдзень, збіраюцца ледзьве не ўсе жыхары Звяняцкага.



– Па сутнасці мае абавязкі не вельмі змяніліся, – зазначае Н.У. Алейнік. – І раней, і зараз іх сутнасць у тым, каб дапамагаць людзям. А ў якой гэта будзе рабіцца форме, і на якой я буду пасадзе, не так ужо і важна.



Яшчэ можна смела сцвярджаць, што і раней, і зараз уся звеняцкоўская самадзейнасць трымалася і трымаецца на гэтай жынчыне. Праблема акампаніятара – адна з галоўных для кожнай сельскай установы культуры, а вось музычны дар і прафесійная адукацыя Н.У. Алейнік, яе любоў да роднай песні, энтузіязм і ўменне аб’яднаць людзей доўгія гады дазвалялі самадзейным артыстам не толькі са Звяняцкага, але і з усяго Паселіцкага сельскага Савета быць у ліку лепшых у раёне.



Гэтак жа трапятліва захоўвае Ніна Ульянаўна і багаты радавод сваёй сям’і – кожны год збіраюцца ў яе доме не толькі двое сыноў і дачка (дарэчы, Жанна Уладзіміраўна зараз – кандыдат тэхнічных навук і выкладае ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце) з унукамі, але і ўсе дваюрадныя сёстры і браты з дзецьмі – атрымліваецца цэлы фестываль.



– Мы збіраемся не толькі для таго, каб папіць, паесці разам, – расказвае Ніна Ульянаўна, – але і падзяліцца навінамі, успамінамі аб мінулым, паўдзельнічаць у абавязковых гульнях і конкурсах. Мы аб гэтых сустрэчах ужо цэлы дыск запісалі…



Зараз Ніна Ульянаўна ў сваім доме жыве адна. Муж памёр у 1999 годзе, дзеці даўно сталі дарослымі і раз’ехаліся па краіне. Але, вось парадокс – у адзіноце Ніна Ульянаўна бывае рэдка. Па даўно заведзенай звычцы, пастаянна звяртаюцца за дапамогай да яе аднавяскоўцы, дзверы для якіх ніколі не зачыняюцца. І ўсе дакладна ведаюць: Ніна Ульянаўна ніколі не адмовіць, а душа яе заўсёды адкрытая людзям.



Віктар НАЗАРАНКА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *