Абудзіць жаданне паўнацэнна жыць


Хойніцкая раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў” створана ў лютым гэтага года. Як расказаў яе старшыня А.У. Данчанка, асноўная задача арганізацыі – дапамагчы людзям, якія ў сілу склаўшыхся абставін вымушаны месяцамі не выходзіць са сваёй кватэры, даць ім магчымасць пазнаёміцца з новымі людзьмі, прыняць удзел у  мерапрыемствах розных узроўняў, якія арганізоўваюцца менавіта для інвалідаў. Бо галоўнае – разбурыць тую сцяну, якая перашкаджае людзям з абмежаванымі магчымасцямі знайсці сваё месца ў жыцці.

Менавіта аб гэтым ішла размова ў час прыезду ў Хойнікі Ніко Янцена, немца, якому яшчэ пры нараджэнні быў пастаўлены дыягназ дзіцячы цэрэбральны параліч. Нягледзячы на захворванне, ён не толькі не скарыўся лёсу, але жыве паўнацэнным жыццём:  працуе ў гарадской бальніцы, самастойна водзіць аўтамабіль, стварыў сям’ю. Знаходзіць ён час і магчымасць па лініі царквы Евангельскіх Хрысціян Баптыстаў наведваць і дапамагаць інвалідам з Беларусі, Казахстана, Расіі, Украіны, Малдовы. У праграму чарговай паездкі ў Беларусь Ніко Янцен разам з такімі ж неабыякавымі да чужога гора людзьмі Андрэем Загертам і Якавам Энцам уключылі і Хойнікшчыну. Разам з А.У. Данчанкам і пастарам царквы “Благодать” Р.І. Галяком госці абмеркавалі магчымыя варыянты далейшага супрацоўніцтва, пазнаёміліся з умовамі, якія створаны для інвалідаў-калясачнікаў у нашым раёне. Ніко Янцен выказаў спадзяванне, што ў далейшым яшчэ не раз наведае наш горад, магчыма, выступіць перад членамі асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў, каб на сваём асабістым прыкладзе ажывіць у іх прагу да паўнацэннага жыцця.

Пакуль жа штомесяц на базе царквы “Благодать” плануецца правядзенне вечароў адпачынку, раённых спаборніцтваў па шахматах і шашках, іншых мерапрыемстваў. Аляксандр Уладзіміравіч заклікае ўсіх людзей з абмежаванымі магчымасцямі звяртацца ў асацыяцыю па тэлефонах: 2-25-50, 307-22-76 .


Ірына НОВІКАВА.
На здымку: у час візіту на Хойнікшчыну.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *