Ва ўсіх галінах стараюцца, справамі сваімі вызначаюцца


«Мая вялікая сям’я»
Менавіта так называе свой 2 «А» клас сярэдняй школы №3 яго класны кіраўнік Ірына Валер’еўна Самойленка.



– У мяне муж і 23 дзіцяці, – жартуе Ірына Валер’еўна.  –  Мы не проста калектыў, мы – вялікая сям’я. Увесь час у школе, і нават большая частка часу дома – гэта мая работа з дзецьмі і для дзяцей. Раблю прэзентацыі, рыхтую ўрокі, якія не абмяжоўваюцца толькі матэрыялам падручніка.
Як і большасць дзяўчынак, у дзяцінстве Ірына гуляла ў школу, марыла стаць у будучым настаўнікам. Магчыма, на выбар паўплываў і той факт, што дзень нараджэння І.В. Самойленка менавіта 1 верасня, у Дзень ведаў.
У 1998 годзе пасля заканчэння Мазырскага педагагічнага інстытута Ірына Валер’еўна размеркавана ў сярэднюю школу №3, дзе старанна працуе дагэтуль.
Цяпер яна рыхтуе для другога ўзроўня адукацыі ўжо чацвёрты выпуск пачаткоўцаў. Рабяты вучацца, пазнаюць нязведанае, цікавяцца, стараючыся ўпітаць як мага болей з таго, што дае ім першы настаўнік.  І.В. Самойленка прызнаецца, што не толькі яна вучыць дзяцей і перадае ім веды, але і многаму вучыцца ў іх: менавіта непасрэднасці, дапытлівасці.
На дасягнутым не спыняецца, а працягвае самаадукацыю. Як прызнанне намаганняў і ўменняў – датэрмінова абароненая ў мінулым годзе вышэйшая катэгорыя.  
Дапамагае Ірына Валер’еўна і з падрыхтоўкай да творчых конкурсаў і мерапрыемстваў. Так, у мінулым годзе каманда трэцякласнікаў «Лучики надежды» заняла другое месца ў абласным інтэлектуальным творчым конкурсе «Наши надежды», рыхтавацца да якога ім таксама дапамагала і І.В. Самойленка.
Ад першай настаўніцы многае залежыць. Той фундамент ведаў, які закладвае сёння Ірына Валер’еўна Самойленка адпаведным чынам паўплывае на  паспяховасць у старэйшых класах, выбар будучай прафесіі.



Упэўненым крокам – да 6-тысячнага надою
Ці можна закахацца ў прафесію жывёлавода? Гледзячы на тое, як працуе Аксана Аляксандраўна Чорная, аператар машыннага даення жывёлагадоўчага комплексу КСУП «Аравічы», адказ адназначны: можна. А гэта нялёгкая праца для кволай жанчыны. Тым больш пры высокіх надоях – у мінулым годзе яна заняла першае месца ў раёне, надаіўшы 5561 кілаграм малака ад кожнай каровы сваёй групы. Ужо толькі гэта сведчыць аб тым, што Аксана Аляксандраўна працуе з душой, выкладваючыся на 100 працэнтаў, патрабавальная не толькі да іншых, але і да сябе.
Жывёлагадоўля – гэта сямейнае для мужа і жонкі Чорных: тут жа, на комплексе, слесарам працуе і муж Аксаны Аляксандраўны, Юрый Міхайлавіч, які па праву ганарыцца дасягненнямі сваёй палавінкі. Колькі ў яе грамат за добрасумленную працу – не пералічыць. Але ў сельгаспрадпрыемстве Аксану Аляксандраўну адзначаюць не толькі як выдатную працаўніцу, але і як клапатлівую маці. Разам з мужам выхоўваюць трох  непаўналетніх дзяцей – радуюць бацькоў дачка Крысціна, сыны Руслан і Кірыл. Лад і згода заўсёды ў доме  па вуліцы Палявой аграгарадка Храпкаў, дзе жыве дружная сям’я.
Што б у жыцці ні адбывалася, Аксана Аляксандраўна Чорная не крыўдуе ні на лёс, ні на людзей, ні на работу. Прымае ўсё як ёсць, радуецца кожнаму дню і ўпэўнена набліжаецца да шасцітысячнага надою малака. Магчыма, гэтых рубеж будзе ўзяты ў селётнім годзе – задзел для гэтага аператар зрабіла летась.



Душэўнай цеплыні хапае на ўсіх
У дзіцячым  аддзяленні цэнтральнай раённай бальніцы працуюць толькі жанчыны: так павялося, што сярэдні медыцынскі персанал у асноўным – прадстаўніцы слабага полу.
Пад кіраўніцтвам загадчыцы аддзялення С.У. Мідзелоўскай нясуць сваю медыцынскую вахту 14 прыгожых жанчын. Адна са змен – на гэтым фотаздымку.
Ганна Уладзіміраўна Каральчук назначана старшай медсястрой аддзялення толькі тры месяцы назад, дагэтуль 16 год адпрацавала ў інфекцыйным аддзяленні нашай бальніцы. Наталля Валянцінаўна Казмярчук у дзіцячым аддзяленні  працуе медсястрой 15 гадоў. Сястрой-гаспадыняй прыйшла працаваць у аддзяленне год назад Ірына Сяргееўна Гарбар. 25 гадоў жыцця і працы звязаны з гэтым аддзяленнем у Алы Мікалаеўны Шкурко.
Усе гэтыя жанчыны не толькі старанныя медыцынскія работнікі, але і руплівыя гаспадыні, выдатныя рукадзельніцы.
 І хаця ў кожнай ёсць сям’я, дзеці, але іх душэйнай цеплыні і спагады хапае і на тых дзяцей,  якія знаходзяцца на бальнічным ложку. Дапамагчы забыць пра боль, перамагчы страх перад уколам, не сумаваць па родных – таксама складаемыя іх штодзённай работы. І пры гэтым не патрэбна забываць аб іх непасрэдных медыцынскіх абавязках, з якімі жанчыны спраўляюцца выдатна.
Акрамя таго, калектыў аддзялення клапоціцца і аб дзецях, якія знаходзяцца часова ў бальніцы па сацыяльных прычынах. Па сутнасці, яны для гэтых пацыентаў з’яўляюцца другімі маці.



Мілая людзям
Людміла Васільеўна Ядчанка – не кабінетны работнік. Кожны яе рабочы дзень напружаны, бо трэба наведаць сваіх падапечных – адзінокіх і адзінока пражываючых людзей, якіх абслугоўвае   сацыяльная служба.
Вось ужо 15 гадоў гэтая чулая, добрая жанчына спяшаецца купіць прадукты, прывезці лякарствы з аптэкі, дапамагчы па дому. І знаходзіць час, каб выканаць тое, што не прапісана ў яе службовых абавязках: пагаварыць  з чалавекам, падбадзёрыць, усяліць надзею на лепшае. Вельмі радуецца, калі бачыць на тварах пажылых людзей усмешку, якая згладжвае маршчынкі, калі адчувае сваю патрэбнасць ім. І шчастлівая гэтымі клопатамі.
Людміла ? мнагадзетная маці, у яе чацвёра дзяцей. Нядаўна набыла статус маладой бабулі: старэйшая дачка Алена нарадзіла хлопчыка, зараз унуку Максіму два месяцы. Сын Аляксандр прайшоў школу армейскай службы, ганарыцца тым, што трапіў у дэсантныя войскі. Дачка Наталля заканчвае гарадское прафесійна-тэхнічнае вучылішча,  рыхтуецца стаць у хуткім часе на самастойную сцяжынку жыцця. Самы малодшы ў сям’і – сын Аляксей, які вучыцца ў школе.
На пытанне, як жа адпачываеце, Людміла Васільеўна адказвае проста:
– Усе думкі пра працу пакідаю перад дзвярыма свайго дома. А там пагутару з дзецьмі, выслухаю іх. Мне падабаецца слухаць больш, чым штосьці расказваць. Так і адпачываю.
Варта адзначыць,  што і сама Людміла выхоўвалася ў мнагадзетнай сям’і, дзе панавала абстаноўка ўзаемаразумення і павагі ў адносінах бацькоў і дзяцей.  Ніколі не была абдзелена ўвагай і клопатам трох старэйшых братоў. У свята 8 Сакавіка і падарункаў ад іх атрымлівала нямала. І кожны раз не пераставала здзіўляцца фантазіі, з якой браты падыходзілі да выбару падарунка.
 А цяпер усе яе дзеці таксама радуюць жанчыну, і не толькі ў жаночы  дзень. Заўсёды гатовы дапамагчы  сваёй любімай матулі па гаспадарчых справах, разам праглядваюць цікавыя тэлевізійныя праграмы, абмяркоўваюць прачытаныя кнігі.
У перакладзе з балгарскай мовы імя Людміла азначае «людзям мілая». Гэта той выпадак, калі імя суадносіцца з рэчаіснасцю.



Верныя адной прафесіі
Ёсць людзі, верныя адной прафесіі на працягу ўсяго жыцця. Менавіта да такіх адносяцца Т.Р. Давыдзенка і А.М. Дзейко – загадчыца і прадавец магазіна «Хозтовары» райспажыўтаварыства, што па вул. Калесніка г. Хойнікі. Аб іх пакупнікі і кіраўніцтва адгукваюцца як аб жанчынах надзвычай працавітых, ветлівых, добрых.
За многія гады (14 – у гэтым магазіне і амаль 40 у спажыўкааперацыі) яны набылі вялікі вопыт у рабоце, заслужылі павагу ў людзей. Хутка абслугоўваюць пакупніка, адкажуць на яго запытанне, прымуць заяўку на тавар. І зусім  не крыўдзяцца, застаюцца тактоўнымі нават калі нехта з пакупнікоў абураецца нечым.
– Работу сваю любім, і іншай сабе не ўяўляем, – з усмешкай заўважаюць жанчыны.
У іх хапае часу і сіл, каб быць уважлівымі матулямі. У Таццяны Рыгораўны двое дзяцей і тры цудоўныя ўнучкі – Ліза, Таня і Ульяна, якія вельмі любяць бываць у гасцях у бабулі з дзядулем, адпачываць на дачы, дапамагаць з кветкамі. У вольны час Т.Р. Давыдзенка любіць пачытаць часопісы, прыгатаваць нешта смачнае.
Алене Міхайлаўне лёс таксама падарыў двух дзяцей. У іх свае сем’і, клопаты. Унукі Саша, Андрэй і Алеся – бабуліна шчасце.
З упэўненасцю можна сцвярджаць, што сям’я тут – надзейная падтрымка і апора ў жыцці.



Тынкоўшчыкі-маляры – адметныя майстрыхі
У калектыве ААТ «Хойнікірамбуд» усе жанчыны, як на падбор: прыгожыя, працавітыя, добрасумленныя. Перадавую працаўніцу было вызначыць вельмі цяжка, бо ўсе жанчыны без выключэння працуюць з душой і ў зносінах прыемныя.
Але пасля доўгіх разважанняў кіраўніцтва і калегі вырашылі, што на святочную газетную старонку трапіць павінны здымкі лепшых з лепшых. А гэта – тынкоўшчыкі-маляры Валянціна Міхайлаўна Анісенка і Марына Васільеўна Ходас.
Працавітасць і дысцыплінаванасць, бадай, галоўныя рысы гэтых работніц. За любую справу бяруцца з жаданнем і выконваюць яе выдатна.  Да таго ж, яны чулыя, ветлівыя, мілыя жанчыны, якія заслугоўваюць у цудоўны веснавы дзень 8 Сакавіка самых лепшых слоў падзякі і шчырых пажаданняў, якія ім, безумоўна, падараць родныя і блізкія.


 
У дзяўчат усё пад кантролем
Усё малако, якое паступае на Палескі вытворчы ўчастак ААТ «Малочныя прадукты» з Хойніцкага, Брагінскага і Рэчыцкага раёнаў, старанна даследуецца ў лабараторыі прадпрыемства. Вельмі адказна адносяцца да сваіх абавязкаў лабаранткі Інга Гудвіловіч і Вераніка Куксіна, якія праводзяць фізіка-хімічныя даследаванні, вызначаюць якасныя паказчыкі сыравіны, што належыць перапрацоўцы.
Дзяўчаты штодзень у пастаянным руху. Патрэбна ўзяць пробы малака з машын,  затым правесці  аналізы. Для гэтага патрэбна быць вельмі ўважлівым. Але, як расказваюць працаўніцы, усё ў іх пад кантролем.  Вобразна кажучы, ведаюць сапраўдны ўнутраны свет малака.
Абедзве лабаранткі навучаліся ў Слуцкім прафесійна-тэхнічным каледжы перапрацоўчай прамысловасці. Зараз Вераніка Куксіна  вырашыла працягнуць адукацыю: навучаецца на завочным аддзяленні Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. «Я вучуся ўжо два гады па спецыяльнасці «інжынер-хімік-эколаг». Праца дапамагае ў вучобе, бо на першай я займаюся хімічнымі працэсамі, а ва ўніверсітэце вывучаю іх». Стараннасць В. Куксінай на працы пацвярджаецца: яе фотаздымак знаходзіцца на Дошцы гонару прадпраемства. 
Калега Веранікі Інга знайшла сябе ў сям’і. Маладая жанчына выхоўвае пяцігадовую дачку Кацю ? хутка дзяўчынка пойдзе ў школу.
Абедзве прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва ў Міжнародны дзень жанчын працуюць. Але гэта іх не засмучае: за адзін дзень столькі віншаванняў ад мужчын-вадзіцеляў малакавозаў ? толькі паспявай дзякаваць!



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *