Пакуль не дружна, а таму – грузна


Адбылося выязное пасяджэнне пастаяннай мандатнай і па пытаннях законнасці, правапарадку, мясцовага кіравання і самакіравання камісіі раённага Савета дэпутатаў.  У  Судкоўскім цэнтры культуры і вольнага часу разглядалася пытанне «Аб мерах па забеспячэнню законнасці і правапарадку на тэрыторыі Судкоўскага сельсавета». Удзел у рабоце прыняў намеснік пракурора Хойніцкага раёна М.Л. Беларусаў.



Напачатку пасяджэння штотыднёвую планёрку правяла в.а. старшыні Судкоўскага сельвыканкама Н.Ф. Коваль з прадстаўнікамі служб, адказных за жыццезабеспячэнне насельніцтва. Абмяркоўваемыя на планёрнай нарадзе тэмы пераклікаліся з пастаўленай старшынёй раённага Савета дэпутатаў Г.В. Бондар мэтай праводзімага пасяджэння – разабрацца ў прычынах складанай крымінагеннай абстаноўкі ў Судкоўскім сельсавеце, прааналізаваць ролю кожнага суб’екта прафілактыкі.



Справаздачу трымаў намеснік начальніка РАУС В.А. Котчанка. Гаворачы лічбамі, на тэрыторыі Судкоўскага сельсавета, дзе пражывае амаль 2,5 тысячы чалавек, летась здзейснена 36 крымінальных злачынстваў, пераважна крадзяжоў. Для параўнання: Алексіцкі, Барысаўшчанскі сельсаветы – па 20, Стралічаўскі – 21, Паселіцкі – 23, Велікаборскі – 10. Да таго ж, на тэрыторыі Судкоўскага сельсавета зарэгістравана 2 ДТЗ, у якіх загінулі 2 веласіпедысты. Здзейснена 251 адміністрацыйнае правапарушэнне, з іх 82 – дробныя хуліганствы, 70 – распіццё алкагольных напіткаў у грамадскіх месцах або з’яўленне на працы ў такім стане, 16 – парушэнні правіл добраўпарадкавання і ўтрымання тэрыторый, 2 – вырошчванне раслін, якія ўтрымліваюць наркатычныя сродкі.



Словам, работы тут у першую чаргу для ўчастковага інспектара міліцыі непачаты край. Але пакуль гэта стаўка – вакансія ў РАУС. А таму і, па словах Г.В. Бондар, уся работа супрацоўнікаў міліцыі зводзіцца толькі да разбіральніцтваў па фактах, а не нацэлена на недапушчэнне парушэнняў заканадаўства.
На працягу двух месяцаў на тэрыторыі сельсавета з мэтай вывучэння сітуацыі працавала рабочая група з ліку дэпутатаў райсавета пад кіраўніцтвам старшыні вышэйазначанай камісіі М.Р. Аксанчука. Устаноўлены факты прабелаў у арганізацыі культурнай занятасці ў Судкоўскім цэнтры культуры і вольнага часу. І тут прычына паўтараецца – вакансія стаўкі мастацкага кіраўніка. «Непачутыя пакуль просьбы падлеткаў аб правядзенні для іх дыскатэкі дзі-джэем з горада», – дадала як негатыў Галіна Віктараўна.
Работа бара «Меркурый» райпо ў Судкова выклікае заклапочанасць. Акрамя пастаяннай наяўнасці пратэрмінаванай прадукцыі, тут далёка да парадку ў плане культурнага адпачынку наведвальнікаў.



Работа агляднай камісіі пакуль характарызуецца як і ва ўсім раёне: схадзілі – паглядзелі, а трэба, каб схадзілі і дабіліся ўхілення выяўленых недахопаў на 100 працэнтаў.
Акрэслілася праблема: не падыходзіць памер для набіцця на падлогу каля печы ліста з бляхі, што прадаецца ў магазінах райпо. Вельмі ён вялікі, а трэба 50х70 см. Г.В. Бондар падкрэсліла, што гэта абавязак райпо – ствараць зручнасць пакупніку. Іх задача ў пару дзён вырашыць гэта пытанне.     
На тэрыторыі сельсавета пражывае 10 абавязаных асоб. Вядома, працоўная дысцыпліна ў гэтай катэгорыі грамадзян кульгае. Але чамусьці сістэма адпрацоўкі прагулаў для іх у КСУП «Судкова» не дзейнічае.



Дарэчы, абмяркоўвалася работа сельвыканкама, сацыяльных работнікаў, камунальнай службы, навучальных і медыцынскіх устаноў, ідэолага мясцовай гаспадаркі і інш.   
У прынятым рашэнні пастаянная мандатная камісія адзначыла недастатковую работу РАУС, Судкоўскага сельвыканкама па прафілактыцы правапарушэнняў, злачынстваў, п’янства і алкагалізму, прапагандзе здаровага ладу жыцця на тэрыторыі сельсавета. Да 1 красавіка РАУС неабходна прыняць меры па ўкамплектаванню ўчастковымі інспектарамі, аддзелу культуры райвыканкама распрацаваць мерапрыемствы па паляпшэнню культурна-масавай работы на тэрыторыі сельсавета.


 


Ірына ВАСІЛЬЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *