Вызначыліся з перспектывай


Так склалася, што пры правядзенні штомесячных нарад па вытворчай дзейнасці ў працоўных калектывах перад тым, як прыступіць да абмеркавання вынікаў работы ў прамысловасці, прымаючы бок паказвае ўсё сваё лепшае, штосьці новае. Так было і 23 ліпеня, калі такое мерапрыемства праводзілася на базе райспажыўтаварыства.



Спачатку ўдзельнікаў запрасілі ў міні-дыскаунтэр, магазін райпо, які толькі тыдзень таму назад адкрыўся ў памяшканні былога філіяла ААТ «Беларусбанк» на рынку «Юбілейны». Адзначалася, што ад рэалізацыі тавараў у новым гандлёвым аб’екце за 5 дзён атрымана 50 мільёнаў рублёў – гэта месячная выручка магазіна на вёсцы. На хлебазаводзе наведалі швейны і рытуальныя цэхі, дзе азнаёміліся з іх работай. У кандытарскім, сертыфікаваным цэху быў паказаны працэс вырабу брэндавага прадукта прадпрыемства – грыбкоў па-хойніцкі, а таксама прадэгусціравалі салодкія вырабы. На падрыхтаванай  выстаўцы  быў прадстаўлены асартымент хлеба і белабулачных вырабаў, якія найбольш запатрабаваны ў насельніцтва.



У актавай зале  прадпрыемства адбылося пленарнае пасяджэнне, якое вяла намеснік старшыні райвыканама А.М. Іўкова. Спачатку слова было прадастаўлена старшыні праўлення Хойніцкага райпо Н.У. Тараевай. Яна паведаміла, што ў асноўным за 6 месяцаў года паказчыкі могуць задавальняць. Так, па рознічнаму тавараабароту наша райпо займае чацвёртую пазіцыю сярод роднасных арганізацый Гомельскай вобласці. Усе падраздзяленні працуюць прыбыткова, рэнтабельна. У той жа час не забяспечаны прагнозны паказчык па прамысловай дзейнасці. Цяпер хлебазавод знаходзіцца на рэканструкцыі, з заканчэннем яе зоймуцца ўкараненнем новых відаў канкурэнтаздольнай прадукцыі, рынкі збыту адшукваюцца для загрузкі швейнага цэха. Рэаніміравалі вытворчасць макаронных вырабаў, яны адносна танныя, таму карыстаюцца попытам у спажыўцоў, як і вырабы кандытарскага цэха – пячэнне «Мінутка» і пернікі. Хвалюе старшыню праўлення райпо нізкая заработная плата работнікаў падначаленага калектыву, хаця на гэта не могуць паскардзіцца прадаўцы, асабліва на вёсцы – працуюць на здзельных умовах, стараюцца больш прадаць тавараў.



Дарэчы, пытанне заработнай платы востра стаіць і ў некаторых іншых прамысловых прадпрыемствах нашага горада. Наконт гэтага намеснік старшыні  райвыканкама А.М. Іўкова пажадала заслухаць, якім будзе выйсце са склаўшагася становішча, адзначыўшы, што не павінна так быць, каб рост зарплаты перавышаў рост прадукцыйнасці працы. Начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Т.Г. Дземчанка ў сваім выступленні асвятліла актуальныя пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця Хойніцкага раёна за 6 месяцаў 2012 года. Заслуханы справаздачы кіраўнікоў прамысловых прадпрыемстваў па растлумачэнню адстаючых паказчыкаў і вылучаны  канструктыўныя прапановы па вытворчасці дзейнасці на бліжэйшую перспектыву ў асобна ўзятым калектыве. Экватар года пройдзены, трэба дзейнічаць так, каб забяспечыць гадавыя прагнозныя паказчыкі ў прамысловасці.



Клаўдзія БОСАК.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *