Па-гаспадарску да жывёлы, з клопатам аб людзях

Сельское хозяйство

Дырэктар КУП “Аравічы” С.В. Дрозд на пытанне, каго сфатаграфаваць з пастухоў, прапанаваў:
– Праедзьце на адгонныя выпасы, дзе ў нас утрымліваецца кругласутачна 970 цёлак: з Храпкаўскай фермы 410 галоў злучнога ўзросту і з Віцьеўскай – 560. Пасвіць іх падабралі людзей адказных, дысцыплінаваных. Заробак іх залежыць ад прываг жывёлы. Вагавая гаспадарка знаходзіцца ў кашарах на выпасах. Акрамя таго, будзем выплачваць камандзіровачныя, бо, па сутнасці, і знаходзяцца людзі ў камандзіроўцы на ўвесь перыяд пашавага ўтрымання грамадскага статка. А якія ўмовы створаны для пастухоў, лепш не расказваць, а паглядзець на месцы.

…Капіруючы цячэнне спакойнай рачулкі Віць, дарога ад Барысаўшчыны ў дванаццаць кіламетраў прывяла да Новага канала. Калі напрасткі ад яго, то праз некалькі кіламетраў можна трапіць да адселеных Тульгавіч. Але тут, у маляўнічым месцы, дзе сярод беластволых бярозак хаваецца новенькі домік для пастухоў, яшчэ не зона адсялення і адчужэння і радыяцыйны фон не пагражае здароўю. Вакол ні душы. Пасвіцца  малады конік, стаяць кінутыя без прыгляду матацыкл і воз са збруяй. Туды, дзе пасвяцца цёлкі, аўтатранспартам не дабрацца, і даводзіцца чакаць, пакуль ад статка па загаду з мабільніка Сяргея Васільевіча Дразда не прыдзе нехта з пастухоў.

Дэлегіравалі Аляксандра Судзенку, а са статкам засталіся Аляксандр Гоеў і Аляксандр Капітан. Усе да 30-гадовага ўзросту, мясцовыя, звязаўшыя свой лёс з бацькоўскай зямлёй. Не пастаральныя матывы кіруюць імі, хаця месца працы і схіляе да гэтага: з вудай можна пасядзець на беразе Віці, прыпамінаюцца ясенінскія матывы пад шэпт бяроз каля іх дыхтоўнага доміка, дзе па ўсіх правілах супрацьпажарнай бяспекі cкладзена цагляная пліта і прывезена ўжо газавая (не будзеш жа ў летнюю спякоту паліцца дрывамі, каб прыгатаваць ежу).

Працуюць пастухі па двое сутак утраіх, а потым два выхадныя. У 6 гадзін раніцы выганяюць з кашары жывёлу і прыганяюць, калі пачынае ўжо змяркацца. Свежае паветра, малады травастой спрыяюць таму, каб жывёла набірала вагу. А ў апошні веснавы і летнія месяцы можна заняцца рамонтам і падрыхтоўкай да будучай зімоўкі жывёлагадоўчых памяшканняў на фермах гаспадаркі.



Уладзімір СЯМЕНАЎ.
На здымку: А.Р. Судзенка.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *