Музей у летнім доміку


Міхаіл Іванавіч Блішч – чалавек гаспадарлівы, любіць ва ўсім дысцыпліну і парадак. У бытнасць яго начальнікам Хойніцкага лесапункта калектыў неаднаразова выходзіў пераможцам у спаборніцтве сярод роднасных падраздзяленняў ЗАТ “Мазырлес”. А яшчэ па ініцыятыве і пры непасрэдным удзеле Міхаіла Іванавіча за кароткі час непазнавальнай стала тэрыторыя, прылягаючая да адміністрацыйнага памяшкання лесапункта і сам будынак. Шмат зроблена па афармленню нагляднасці, услаўленню ў дакументах і фотаздымках ветэранаў вайны і працы, якія ў розны час працавалі на лесапункце.

Чысціня і добраўпарадкаванасць каля дома і на падворку, дзе жыве М.І. Блішч. А сёлета  напярэдадні  свята Перамогі савецкага народа над нямецкім фашызмам Міхаіл Іванавіч зрабіў своеасаблівы падарунак ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і працы Міхаілу Савельевічу Скрыпчанку і Мікалаю Сцяпанавічу Камешу, запрасіўшы іх да сябе ў госці. Ды не ў звычайны пакой, а ў музей, які ён абсталяваў у летнім доміку. Сабраны тут шматлікія экспанаты. У экспазіцыі – матэрыялы, якія расказваюць аб слаўным баявым шляху ў гады Вялікай Айчыннай вайны ўраджэнцаў Хойнікшчыны і, безумоўна ж, працаўнікоў калектыву, які ён узначальваў. На сцяне, каля каміна, вялікі партрэт маршала Савецкага Саюза Г.К. Жукава.

За кубкам духмянага чаю непрыкметна праляцеў час. Ветэраны падзяліліся сваімі ўспамінамі аб гадах ваеннага ліхалецця, ухвалілі занятак у вольны час гаспадара дома. А М.І. Блішч павіншаваў іх з вялікім святам Перамогі, выказаў шчырую ўдзячнасць за сённяшні мірны дзень.


Уладзімір СЯМЕНАЎ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *