Урадзілі кавуны ў Дуброве

Людзі і лёсы Общество

Ужо дзесяць гадоў жыхарка невялічкай вёсачкі Дуброва нашага раёна Яніна Рыгораўна Казлоўская з ахвотай займаецца вырошчваннем кавуноў на сваім прысядзібным участку.

Каля паўтары соткі зямлі пенсіянерка выдзяляе пад іх. У пачатку мая сее, а ў канцы ліпеня ўжо можна смакаваць першы ўраджай.
Насенне некалькіх гатункаў выбірае з вырашчаных пладоў. Дарэчы, кавун – непатрабавальная ягада, добра расце ў гаспадыні на звычайным чарназёме без унясення якіх-небудзь угнаенняў, без пастаянных паліваў. Толькі адзіная асаблівасць пасеву кавуноў у Яніны Рыгораўны: каб ураджай быў багаты, садзіць іх побач з бульбай. Штогод і вырастаюць сакавіта-смачныя кавуны. Родзічы, суседзі, знаёмыя з задавальненнем дэгустуюць паспелы ўраджай.

Сёлета ў агародзе Я.Р. Казлоўскай можна знайсці кавуны розных памераў і колераў, ёсць нават парачка жоўтых. Усяго максі-ягад на максі-градцы яшчэ шмат, каля двухсот.

Вікторыя МАРОЗ.
Фота аўтара.