Калі справа робіцца на сумленне

Сельское хозяйство

Калі справа робіцца на сумленне



Нарошчванне пагалоўя, а разам з тым і валавой вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі даўно ўжо з’яўляецца адной з прыярытэтных задач, пастаўленых перад усімі сельгаспрадпрыемствамі нашага раёна. Але, выконваючы яе, літаральна ўсе гаспадаркі сутыкнуліся з адной і той жа праблемай – куды размяшчаць маладняк? Задумаліся над гэтым пытаннем і спецыялісты КСУП «Судкова». І рашэнне знайшлося.



Наведаўшы 29 студзеня гэтую гаспадарку, мы завіталі на Езапоўскую ферму, дзе, як даведаліся, самыя высокія прыбаўленні цялят на вырошчванні і складаюць 970 грамаў у суткі. Гэты паказчык за папярэдні месяц склаў 751 грам. Пасля размовы з мясцовымі жывёлаводамі зрабілі вывад: поспех мацуецца на двух кітах – укараненні новых тэхналогій утрымання маладняку буйной рагатай жывёлы і  на сумленных адносінах працаўнікоў да даручанай справы.



У мінулым годзе на  ферме было ўсталявана новае тэнтавае памяшканне калектывам Рагачоўскага Аграсервісу, да гэтага часу цяляткі ад 0 да 6 месяцаў утрымліваліся ў доміках па аднаму.
– З новаўвядзеннем умовы ўтрымання жывёлы адразу змяніліся ў лепшы бок, –  зазначае брыгадзір фермы Таццяна Уладзіміраўна Шчогалева. – Мы змаглі разгрузіць домікі, вальней расставіць маладняк, асобна, па два бакі памяшкання размяшчаюцца цяляткі ва ўзросце ад 21 дня да 3 месяцаў і ад 3 да 6 месяцаў. Іх цяпер тут утрымліваецца на доглядзе 178 галоў. Калі цялятам спаўняецца 6 месяцаў, іх пераводзім на дарошчванне на іншыя фермы нашай гаспадаркі. Калі з’явілася тэнтавае памяшканне, запаўнялі яго маладняком  таксама з другіх ферм, але цяпер патрэба ў гэтым адпала, бо на ферме для гэтага ўтрымліваецца дастатковая колькасць пагалоўя кароў для ўзнаўлення статка цялят. Але і домікі пустымі не засталіся – цяпер сюды змяшчаюць цялят, якія толькі што нарадзіліся і знаходзяцца яны тут 21 дзень.
Яшчэ адной з гарантый поспеху брыгадзір фермы лічыць строгае захаванне рэжыму, выкананне ўсіх зоатэхнічных і ветэрынарных патрабаванняў.



Кармленне цялят тут трохразовае, па часу супадае з даеннем кароў. Гэта вельмі зручна і карысна для цялят, якія спажываюць свежае малако. Акрамя  6 літраў малака, у рацыёне штодзень 1,5 кілаграма камбікармоў, 100 грамаў цэльнага зерня кукурузы, кілаграм сена. У абавязковым парадаку выдаткоўваюцца і неабходныя мінеральныя дабаўкі, вада, соль.



Паразмаўлялі з  маладымі цялятніцамі Аксанай Уладзіміраўнай Макарэвіч і Святланай Васільеўнай Турчанскай, якія пасля абедзеннага кармлення цялят займаліся ачысткай праходу ад рэшткаў камбікорму. Яны адзначылі, што на ферме  створаны спрыяльныя ўмовы і для жывёлы, і для абслуговага персаналу. І заработнай платай задаволены. Дарэчы, яна складае цяпер для іх 4 мільёны рублёў у месяц, да гэтага трэба яшчэ дадаць натураплату прадуктамі на суму прыкладна адзін мільён рублёў.



Пра гэтых цялятніц, а таксама  Алену Валянцінаўну Міхаленка, трэцюю цялятніцу ў тэнтавым памяшканні, і Вольгу Уладзіміраўну Сіраж, што даглядае цялятак ад нараджэння да 21 дня ў доміках, брыгадзір фермы гаворыць самыя добрыя словы:
– Раніцай яны раней за ўсіх з’яўляюцца на ферме ды і ўвечары апошнімі дамоў ідуць. А ўвогуле,  калі ёсць патрэба больш часу ўдзяліць сваім гадаванцам або мы папросім аб нечым, то і цэлымі днямі прападаюць на рабоце. Вынікі, якія  яны атрымліваюць, нікога не здзіўляюць. Усе бачаць, чаго каштуюць яны гэтым людзям.



Усё тут робіцца на даверы. Не пабаяліся даручыць адказны ўчастак работы В.У. Сіраж, якая з’яўляецца абавязанай асобай згодна з Дэкрэтам Прэзідэнта № 18. Перавялі яе сюды з паляводчай брыгады. Нараканняў на работу жанчыны пакуль няма, на яе вачах, дзякуючы  штодзённым клопатам, слабенькія, кволыя цяляткі, якія толькі што нарадзіліся, паступова мацнеюць.



Вельмі задаволена брыгадзір і маладым спецыялістам, ветэрынарам  Сяргеем Харламавым, які працуе на ферме пасля заканчэння Рэчыцкага аграрнага каледжа. Ён своечасова праводзіць комплекс вакцынацый для цялят, яны не хварэюць, а гэта таксама залог атрымання добрых прываг.



У калектыву жывёлаводаў гэтай фермы добрыя спадзяванні на будучае, тую планку, якую ўзялі ў вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы, абяцаюць трымаць.



Клаўдзія Босак.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *