Калі перад табой увесь свет

Образование

Своеасаблівым прамежкавым вынікам навучання ў групе № 36 «Тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ. Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў» дзяржаўнага прафесійнага ліцэя стаў конкурс прафесійнага майстэрства.

Удзел у ім прынялі Валерый Калыхан, Міхаіл Кез, Уладзіслаў Скуранок, Кірыл Кудака і Уладзіслаў Куцэнка. Барацьба за перамогу вялася на працягу 5 конкурсаў па веданню правіл дарожнага руху і практычных уменнях па ваджэнню аўтамабіля ГАЗ-53. Вынікі кожнага з конкурсаў падводзіла кампетэнтнае журы.
Удзельнікі прадэманстравалі выдатнае веданне тэарэтычных дысцыплін і трывалыя практычныя навыкі. Пераможцам стаў Уладзіслаў Скуранок.

Да паступлення ў ліцэй ён вучыўся ў гарадской СШ № 2. Разам з бацькамі, малодшымі брацікам і сястрычкай жыве побач са школай. Захапляецца тэхнікай, у мінулым годзе паспеў здаць экзамены ў ДАІ на атрыманне свайго першага ў жыцці вадзіцельскага пасведчання катэгорыі АМ, якое дае права на кіраванне мапедам. Спецыяльнасць выбраў у адпаведнасці са сваім захапленнем і задаволены тым, што ў выбары не памыліўся. Зараз Уладзіслаў рыхтуецца да 4-месячнай пераддыпломнай практыкі, якую пройдзе ў адным з сельгаспрадпрыемстваў раёна. Потым – выпускныя экзамены, 1 ліпеня стане Уладзіслаў дыпламаваным спецыялістам.

Што ж датычыць конкурсу, то гаворыць, што пры ўдзеле ў ім не хваляваўся, асабліва за заданні, звязаным з веданнем правіл дарожнага руху: пэўны вопыт здачы такіх экзаменаў у ДАІ ў яго меўся. Ды і па вуліцах горада на сваім мапедзе «Дэльта» рухаецца ён упэўнена і ўмела, адчувае сябе паўнапраўным удзельнікам дарожнага руху. Таму і перамогу ў конкурсе ўспрыняў спакойна, стрымана.

Майстар вытворчага навучання Алена Валер’еўна Карнеева пра яго гаворыць так:
– Самастойнасць і раз-важлівасць – асноўныя рысы характару Уладзіслава, і з гэтым хлопцам мы размаўляем на роўных. Вучыцца ў ахвоту, вучыцца добра, часта стаўлю яго ў прыклад іншым.

Свой вольны час Уладзіслаў Скуранок лічыць за лепшае праводзіць у такой жа спакойнай і засяроджваючай абстаноўцы – на ўлонні прыроды. Аб гэтым ён гаворыць так:
– Люблю рыбачыць разам з бацькам і яго братам на прыгажуні-Прыпяці. Сонца, вада, свежае паветра і – цішыня… А яшчэ – па лесе люблю пагуляць, у час такіх няспешных прагулак быццам падзараджаешся ад матухны-прыроды…

Разам з субяседнікам быццам вяртаюся ў лета і асцярожна пытаюся ў яго: «Паэзіяй не цікавішся?» Прызнаецца, што гэтым пытаннем трапіў я ў «яблычка». Асабліва любіць вершы С. Ясеніна. Нават самастойна асвоіў ігру на гітары, каб можна было ў вольны час задумліва перабіраць струны, напяваючы бессмяротныя ясенінскія радкі «Вы помните, Вы всё конечно помните…», «Заметался пожар голубой…», «Клён ты мой опавший…».

Наша сустрэча з Уладзіславам адбылася ў аўторак, 18 снежня – менавіта ў той дзень споўнілася майму юнаму субяседніку роўна 18 год. Незвычайная падзея, цудоўны ўзрост, калі наперадзе перад табой увесь неабсяжны і дзівосны свет! Віншуем!

Віктар НАЗАРАНКА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *