Галоўнае – арганізавацца


Рашэннем райвыканкама № 9 ад 16.01.2013 года зацверджаны заданні па здачы адходаў паперы, картона і тэкстылю арганізацыямі, прадпрыемствамі і ўстановамі ўсіх форм уласнасці на бягучы год.



Па выніках студзеня ўсяго па раёну месячны план па збору макулатуры выкананы на 116,1%, па тэкстылю – на 131,7%. Сярод тых, хто за першы месяц здаў амаль штогадавую норму другаснай сыравіны, Алексіцкі і Стралічаўскі сельвыканкамы, РВЭС, ТДА «Хойнікі-Люкс», ЦРБ, участак па вытворчасці камбікармоў РУП «Саўгас-камбінат «Зара», КБА, ПВУ ААТ «Малочныя прадукты», упраўленне капітальнага будаўніцтва Хойніцкага раёна і некаторыя іншыя. 
Аб тым, як арганізаваны збор другаснай сыравіны, расказваюць кіраўнікі арганізацый, якія ў гэтай справе ў ліку лепшых.



Валянціна Міхайлаўна Бельская, старшыня Стралічаўскага сельвыканкама:
–  Работа ў сельвыканкаме па збору другаснай сыравіны наладжана добра: ніколі не выкідваем старыя падшыўкі, паперы, спісаныя журналы. Таму мінулагодні план выканалі без праблем. За першы месяц пры гадавым плане 300 кг макулатуры здалі яе 200 кг. Да таго ж, у бягучым годзе, акрамя макулатуры, нам быў даведзены план і па здачы тэкстылю (10 кг на год). Мы яго таксама выканалі за месяц, вырашылі не расцягваць. Размеркавалі па работніках сельвыканкама, атрымалася па некалькі  кілаграмаў на аднаго. Усе мы разумеем, што збор другаснай сыравіны – эканамічна абаснаваная  дзяржаўная задача. 



Сяргей Аляксандравіч Дубадзел, начальнік раённага вузла электрасувязі:
– Канешне, каб не падвесці раён і выканаць даведзеныя планы, мы прыкладаем усе намаганні. Гадавы план па здачы макулатуры ў нас – 500 кг, гумаўтрымліваючых адходаў – 100 кг. На сённяшні дзень здадзена 360 кг макулатуры. Прымаў удзел увесь калектыў – прыносілі з дому хто колькі зможа.  Менавіта такі падыход мы свядома выкарысталі, а не дзялілі на ўсіх пароўну.  Так плануем паступаць і ў далейшым.
Гумаўтрымліваючыя адходы – у асноўным гэта зношаныя аўтамабільныя пакрышкі і гуматэхнічныя вырабы – будзем здаваць сіламі арганізацыі. Па канцу года вынікі павінны быць станоўчыя.



Святлана Мікалаеўна Вашчыла, начальнік участка па вытворчасці камбікармоў РУП «Саўгас-камбінат «Зара»:
– Мы ўпершыню прымаем удзел у раённым зборы другаснай сыравіны. Раней толькі іншым дапамагалі з макулатурай, а ў гэтым годзе ўжо самі збіраем паперу і тэкстыль. Дзякуючы работнікам участка, якія адказна падышлі да пастаўленай задачы, план на люты па здачы 18 кілаграмаў тэкстылю выкананы. Зараз праводзім збор тэкстыльных адходаў на наступны месяц, каб не адкладваць справу на доўгі час. Гадавы план падзелены на некалькі этапаў, так і прасцей, і зручней. Макулатуру таксама здаём, хаця там аб’ёмы значна большыя. Але агульнымі намаганнямі наш участак справіцца і выканае нормы.


Апытвала Вольга БЕЛАШ.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *