І сабе, і людзям


У ліку лепшых малаказдатчыкаў у Велікаборскім сельскім Савеце называюць прозвішча Любові Захараўны Хамяковай. Усё жыццё жанчына адпрацавала ў паляводчай брыгадзе спачатку калгаса, а потым сельгаспрадпрыемства “Велікаборскі”. Тры гады таму назад пайшла на пенсію, пасля смерці мужа жыве адна, яе дарослыя дзве дачкі і сын маюць свае сем’і ў Стралічаве, Рэчыцы і Хойніках.

Але не прывыклі сумаваць яе працавітыя і натруджаныя рукі, і па-ранейшаму трымае Любоў Захараўна дзвюх каровак, адна з якіх нядаўна падарыла гаспадыні маленькае цялятка. І яму, малому, каб хутчэй падрастала, дае жанчына самае тлустае і смачнае малако. Нейкую частку ранішняга і вячэрняга надояў пакідае Любоў Захараўна сабе, дзецям і ўнукам, астатняе ж здае дзяржаве. Напрыклад, за мінулы год Л.З. Хамякова прадала 5391 кілаграм малака, а за чатыры месяцы бягучага года гэтая лічба склала 1161 кг.

– Кожны дзень здаю па 15-20 літраў, – гаворыць Любоў Захараўна, – такім чынам у месяц набягае па 300 і больш тысяч рублёў, адчувальная прыбаўка да пенсіі. Атрымліваецца як у той прымаўцы: і сабе, і людзям…

Раней, калі было больш здароўя і сіл, жанчына сама нарыхтоўвала сена, зараз жа набывае гатовае. На ўласным агародзе вырошчвае бульбу і буракі, летам жывёла пасвіцца на пашы, так што рагатым карміліцам галадаць не даводзіцца. Цікава, што весці гаспадарку, па меры магчымасці, дапамагае і яе 84-гадовая маці Таццяна Сідараўна Аніскавец.

А калі заканчваюцца гаспадарчыя клопаты, абавязкова знойдзе Любоў Захараўна час для таго, каб узяць у рукі нашу раёнку, якую яна, па ўласнаму прызнанню, прачытвае “ад коркі да коркі”.

Вось такія яны, нашы падпісчыкі – сціплыя і працавітыя людзі, на якіх трымалася і трымаецца зямля хойніцкая.



 Віктар НАЗАРАНКА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *