Увесь патэнцыял варта рэалізаваць

Общество

Сход працоўнага калектыву Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка і ўзнагароджанне лепшых работнікаў па выніках 2018 года адбыліся ў Цэнтры культуры г. Хойнікі.

У ліку ўдзельнікаў традыцыйнага для калектыву пасяджэння – начальнік Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС А.І. Ціток, старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.В. Бондар, намеснік старшыні райвыканкама А.П. Гура, старшыня Гомельскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў М.А. Бондар і інш.

Дырэктар запаведніка М.М. Рубашчанка, падводзячы вынікі работы ўстановы за мінулы год, адзначыў, што калектыў усе свае сілы накіроўваў на рашэнне задач, вызначаных на дзяржаўным узроўні.

Важнай падзеяй стала вылучэнне дадатковых сродкаў з рэспубліканскага бюджэту за кошт фонду па ліквідацыі надзвычайных сітуацый у суме 1 млн. рублёў на распрацоўку і ўкараненне сістэмы аўтаматызаванага радыяцыйнага і пажарнага кантролю запаведніка. Аналагаў такой сістэмы няма. Яна будзе ажыццяўляць маніторынг усёй тэрыторыі прыродаахоўнага прадпрыемства, інфармаваць спецыялістаў аб радыяцыйнай абстаноўцы, своечасова выяўляць пажары, аператыўна рэагаваць і лакалізоўваць іх. Заканчэнне работ запланавана на 2019 г.

Не спыняецца і навукова-даследчая работа. Навукоўцы рэалізуюць 5 праектаў і заданняў у рамках Дзяржаўнай праграмы па пераадоленню наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Вядуцца работы па дагаворах навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва з МАГАТЭ і Нарвежскім агенцтвам па радыяцыйнай абароне. Прыцягнута сродкаў на суму каля 82 тыс. рублёў.

Перспектывы акрэсліў для калектыва і Аляксандр Іванавіч Ціток. Ён зарыентаваў прысутных на далейшае развіццё новых накірункаў для заробку. Запаведнік – тэрыторыя для мноства новых выгадных праектаў, нельга губляць час і магчымасць, варта развіваць усе магчымыя віды дзейнасці, уключаючы экатурызм. І абавязкова заахвочваць тых работнікаў, хто прыносіць найбольшую эканамічную выгоду. Тады, рэзюмаваў А.І. Ціток, у людзей будзе стымул працаваць якасна.

Затым адбылося ўзнагароджанне. Начальнік Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС А.І. Ціток уручыў Ганаровыя граматы ўзначальваемага ведамства. За высокія паказчыкі работы адзначаны Ганаровымі граматамі ўстановы і каштоўнымі падарункамі 12 работнікаў запаведніка. Ад Гомельскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў тры работнікі ўдастоены Ганаровых грамат, яшчэ два работнікі атрымалі Падзякі.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *