У бой – за выкананне заданняў


На мінулым тыдні ў нашым раёне адбылася абласная нарада па разгляду вынікаў развіцця прамысловага комплексу Гомельскай вобласці ў студзені-ліпені 2013 года. Удзел у ёй прынялі намеснікі старшынь гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў, якія курыруюць пытанні эканомікі, намеснікі старшынь камітэтаў і ўпраўленняў аблвыканкама, кіраўнікі валаўтваральных прадпрыемстваў вобласці і інш.



Наш раён выбраны месцам агульнага збору невыпадкова. На Хойнікшчыне ёсць прадпрыемствы, якія дэманструюць добрыя вынікі развіцця. Іх і наведалі госці перад пачаткам пленарнай  часткі нарады. Пабывалі на прыватным малым прадпрыемстве ТДА «ПірамСервіс», якое, выкупіўшы будынкі былой базы «Сортсемовощ», займаецца выпускам пластыкавых акон. Хутка там адкрыецца і ўласны магазін.  
Азнаёміліся з дзейнасцю Хойніцкага завода гідраапаратуры. Крэатыўнасць мыслення яго дырэктара В.Я. Смальцара, абдумванне развіцця вытворчасці на гады наперад апраўдваецца на ўсе 100 працэнтаў. У 2008 годзе, асвоіўшы 4 новыя віды прадукцыі, удалося выжыць прадпрыемству, гэта і стала кропкай адліку працы завадчан у стабільным рэжыме. 



На  Палескім   вытворчым    участку ААТ «Малочныя прадукты» зацікаўленасць выклікала будаўніцтва цэха па сушцы сыроваткі, а ў лясгасе – асартымент выпускаемай прадукцыі ў цэху па дрэваапрацоўцы «Палескі».
Спецыялісты ў галіне эканомікі адзначалі паў-сюдна не толькі стабільнае развіццё вытворчасці, але і ўзорны парадак на тэрыторыі наведваемых пра-дпрыемстваў. Некаторыя, хто быў у нашым гарадку ўпершыню, адкрылі для сябе новае прыгожае, утульнае мястэчка, з шыкоўным паркам, які назвалі «маленькай Еўропай».      
Пленарную частку нарады вёў намеснік старшыні аблвыканкама Б.К. Пірштук. Са справаздачай аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця Гомельшчыны за першае паўгоддзе сёлета выступіла старшыня камітэта эканомікі аблвыканкама Э.Л. Карніцкая.



Далей сур’ёзная размова вялася на тэму вынікаў і падходаў у рабоце, аб станоўчым укладзе кожнага суб’екта гаспадарання ў эканоміку вобласці, эфектыўнасці стварэння новых малых вытворчасцей, своечасовай і апраўданай мадэрнізацыі, разгрузкі складскіх запасаў гатовай прадукцыі, абароны эканамічных праектаў 2014 года. 
Б.К. Пірштук пільную ўвагу ўдзяліў двум паказчыкам, якія не выконваюцца па вобласці – па экспарту тавараў і валавому рэгіянальнаму прадукту. Дарэчы, па апошняму паказчыку пастаўлена задача рашуча прыбавіць малому бізнесу. «Если да кабы», адзначыў Баляслаў Казіміравіч, звяртаючыся да выступаючых з ліку адстаючых, не прымаюцца, усе разлікі павінны працаваць як гадзіннік і пераходзіць у якасныя параметры.
«Сапраўдны кіраўнік – гэта стратэг, эмацыянальныя пасылы якому не дарэчы. Следуйце гэтай формуле, вызначайце зону адказнасці на перспектыву – і ў бой за выкананне даведзеных заданняў па 9 месяцах сёлета», – завяршыў выступленне Б.К. Пірштук.



Ірына ЛУКАШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *