З нагоды 90-годдзя


“Мае гады – маё багацце” –  разуменне гэтых слоў з вядомай песні  прыходзіць  з узростам. Калі чалавек малады і здаровы, то ён мала задумваецца над тым, што час ляціць, яго не цэніш, не заўважаеш. Жыхару нашага горада Дзмітрыю Васільевічу Каламацкаму месяц назад споўнілася 90 гадоў. З гэтай паважанай датай павіншаваць юбіляра прыйшлі загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ТЦСАН Г.М. Скачко,  інспектар аддзялення  Наталля Міхайлаўна Яськова і ўдзельніцы клуба “Каля самавара” Любоў Аляксандраўна Бачына, Ірына Андрэеўна Раманчык, Наталля Пракопаўна Гуз, Алена Рыгораўна Карповіч.

Галіна Мікалаеўна Скачко ўручыла юбіляру кветкі, а ўдзельніцы клуба праспявалі віншавальныя песні. Дзмітрый Васільевіч   падпяваў самадзейным артысткам. Пазней ён прызнаўся, што сваімі песнямі і віншаваннямі жанчыны падарылі яму сапраўднае свята.

Як расказала ўпаўнаважаны дома Ліна Уладзіміраўна Мыслік, Д.В. Каламацкі – добры чалавек. Усё яго свядомае жыццё прысвечана працы. Добры гаспадар і прыкладны сем’янін, Дзмітрый Васільевіч заўсёды ў міры і згодзе жыў з суседзямі. Не было такога выпадку, каб ён адмовіў камусьці ў дапамозе, калі меў магчымасць. І зараз, хоць Дзмітрыю Васільевічу самому патрэбен сацыяльны работнік, калі не рукамі, то добрай парадай дапаможа чалавеку. Таму да дня нараджэння яго рыхтаваліся ўсім домам, асабліва дапамаглі суседкі Людміла Мікалаеўна Краўчук, Ірына Мікалаеўна Сялецкая, Таццяна Адамаўна Ашарчук.

На абслугоўванні ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Д.В. Каламацкі з 2007 года. Са сваёй памочніцай, сацыяльным работнікам Вольгай Уладзіміраўнай Царык пасябраваў, гаворыць аб ёй толькі добрыя словы. Таксама задаволена  сваім падапечным і Вольга Уладзіміраўна.

Шмат чаго бачыў Дзмітрый Васільевіч, шмат чаго перажыў. На памяць не скардзіцца, памятае ўсё са свайго доўгага жыцця, расказваць можа гадзінамі.

На развітанне госці пажадалі імянінніку дажыць да ста гадоў і запрасіць іх яшчэ і на той юбілей.


Вольга БЕЛАШ.
На здымку:
Д.В. Каламацкі і ўдзельніцы клуба “Каля самавара”.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *